Грамадскія арганізацыі заклікалі ЕС спрасціць візавы рэжым з Беларуссю

З нагоды сустрэчы кіраўнікоў дзяржаваў Еўрапейскага саюзу і краін Усходняга партнёрства ў Вільні грамадская кааліцыя «У Беларусь і Еўропу — БЕЗ ВІЗЫ!» звярнулася да краін ЕС з заклікам хутчэй палегчыць візавы рэжым з Беларуссю.

Грамадскія арганізацыі Беларусі пералічылі шляхі, якія ўжо цяпер дазволяць спрасціць выдачу шэнгенскіх візаў у нашай краіне. Сярод іншага НДА заклікалі ЕС выдаваць беларусам болей шматразовых візаў, а таксама зменшыць ці цалкам скасаваць плату за візы.

— Грамадская кааліцыя «У Беларусь і Еўропу — БЕЗ ВІЗЫ!“ заклікае дзяржавы ЕС заставацца прыхільнымі да выкарыстання гнуткасцяў Візавага кодэксу ЕС, у тым ліку выдачы большай колькасці шматразовых віз з тэрмінам дзеяння ад шасці месяцаў да пяці гадоў (што прадугледжана існуючым Візавым кодэксам) і скасавання візавых збораў для асобных катэгорый грамадзян, — гаворыцца ў звароце.

Зварот быў накіраваны ў Міністэрствы замежных справаў краін ЕС, што маюць консульскія ўстановы ў Беларусі, а таксама ва ўстановы ЕС у Бруселі.

У звароце грамадскія арганізацыі адзначылі, што «попыт беларусаў на шэнгенскія візы яшчэ не задаволены». І гэта нягледзячы на сталы рост колькасці выдадзеных беларусам візаў, а таксама адну з самай невысокіх у свеце долю адмоваў у візах. Вітаюцца планы ЕС спрасціць атрыманне візаў законапаслухмянымі грамадзянамі.
Акрамя гэтага прадстаўнікі кааліцыі адзначылі, што з-за дзейнасці пасярэднікаў некаторым беларусам за візы даводзіцца плаціць болей за ўсталяваную ЕС цану ў 60 еўра.

Грамадская кааліцыя «У Беларусь і Еўропу — БЕЗ ВІЗЫ!» (працоўная назва «Без візы!») была створаная ў сакавіку 2011 г. шэрагам беларускіх арганізацый і даследчых інстытутаў пры падтрымцы партнёраў з краін Еўрапейскага Саюзу. Мэта кааліцыі — адстойванне ідэі бязвізавага руху паміж Беларуссю і іншымі еўрапейскімі краінамі. Са спісам чальцоў кааліцыі можна азнаёміцца на сайце кампаніі «Без візы!».

Паводле прэс-рэлізу

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства