У Мінску ўзгаднілі дзеянні беларускай дэлегацыі напярэдадні VI Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга парнёрства

12 лістапада, напярэдадні VI Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга парнёрства “Інтэграцыя з ЕС і агульная бяспека: зробім гэта магчымым”, адбылася сустрэча дэлегатаў Форума. Мэтай мерапрыемства было абмеркаванне і ўзгадненне дзеянняў беларускай дэлегацыі на Форуме, які пройдзе 20-21 лістапада ў Батумі (Грузія).

Удзельнікі сустрэчы скаардынавалі задачы беларускай дэлегацыі на будучым Форуме грамадзянскай супольнасці УП. Дэлегаты абмеркавалі і падтрымалі новую Стратэгію Форума грамадзянскай супольнасці на пэрыяд 2015-2017 гг., прапанаваную Кіраўнічым камітэтам. Гэта Стратэгія мае на мэце пашыць магчымасці для нацыянальных платформаў, і накіраваная на наданне большай дынамікі на нацыянальным узроўні, а таксама актыўнаму ўцягванню грамадзянскай супольнасьці ў працэс Усходняга партнёрства.

Як адзначыў Андрэй Ягораў, старшыня Каардынацыйнага камітэта БНП, Беларуская нацыянальная платформа прымала непасрэдны ўдзел стварэнні Стратэгіі. На працягу года з кожнай нацплатформай праводзіліся кансультацыі. БНП была першай, хто адрэагаваў на папярэдні варыянт Стратэгіі, не прынятай мінулым Форумам. Заўвагі, зробленыя Беларускай нацыянальна платформай на той час, цяпер улічаныя ў новым дакуменце Стратэгіі.

Удзельнікі будучага Форума таксама засяродзіліся на абмеркаванні рэформы складу Кіраўнічага камітэту і Кіраўнічай структуры ФГС УП.

Цяпер Кіраўнічы камітэт Форуму занадта шырокі і часам не эфектыўны ў сваёй працы. З гэтай нагоды прапанавана структурная рэформа, якая дазволіць скараціць колькасць чальцоў Кіраўнічага камітэта, а таксама надаць больш вагі нацыянальнаму кампаненту дзейнасці, у тым ліку нацыянальным платформам, трохі пашыраючы рэпрэзентатыўнасць самога Кіраўнічага камітэту.

На круглым стале ў Мінску таксама былі абмеркаваная сытуацыя ўнутры Беларускай нацыянальнай платформы і магчымыя дзеянні НП у будучым. Не абышлі ўвагай і бягучыя пытанні звязаныя з каардынацыяй узаемадзеянняў дэлегацыі ў часе Форума.

VI Форум грамадзянскай супольнасці “Інтэграцыя з ЕС і агульная бяспека: зробім гэта магчымым” з’яўляецца штогадовай сустрэчай арганізацый грамадзянскай супольнасці ў межах Усходняга партнёрства. Форум будзе прысвечаны абмеркаванню новых выклікаў ініцыятывы ЕС “Усходняе парнёрства”, у тым ліку пытанням агульнай бяспекі.

На Форум у Батумі ў якасці ўдзельнікаў запрошаныя прадстаўнікі 21 беларускай арганізацыі грамадзянскай супольнасці і яшчэ 6 арганізацый у якасці назіральнікаў. Адной з галоўных задач Форума гэтага года будзе прыняцце новай Стратэгіі Форума на перыяд 2015-2017 гадоў.

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства