Арганізацыям грамадзянскай супольнасці Расійскай Федэрацыі
Расійскім праваабарончым арганізацыям
Кіруючаму Камітэту Форуму грамадзянскай супольнасці «ЕС-Расія»
Мы, прадстаўнікі арганізацый грамадзянскай супольнасці Рэспублікі Беларусь, аб’яднаныя ў межах Беларускай нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Ўсходняга партнёрства, выказваем свае глыбокія спачуванні сям’і, блізкім, калегам і паплечнікам расійскага палітыка і грамадскага дзеяча Барыса Нямцова, забітага 27 лютага ў Маскве.
Мы таксама хочам выказаць глыбокае спачуваньне ўсёй грамадзянскай супольнасці Расіі, понесшай сур’ёзную і незаменную страту з сыходам палітыка, які фактычна ўзначальваў пратэстны рух апошніх гадоў у гэтай краіне, кансалідуючы яго ў дзеяннях выключна мірнага характару.
Барыс Нямцоў быў вядомы не толькі ў Расіі. Шмат хто з нас, беларускіх грамадскіх актывістаў і палітыкаў, былі знаёмыя з ім асабіста. Ён заўсёды падтрымліваў дэмакратычныя сілы Беларусі, хацеў бачыць нашу краіну цывілізаванай і еўрапейскай.
Мы добра разумеем, што забойства Барыса Нямцова мае палітычны характар і ставіць сваёй мэтай запалохванне грамадзян Расіі, якія абараняюць дэмакратычныя каштоўнасці і правы чалавека, якія выступаюць супраць расійскай карупцыі і кровапралітнай вайны Крамля ва Ўкраіне.
Мы ведаем, што такое палітычны тэрор, паколькі наша краіна страціла вядомых палітыкаў і журналістаў, грамадскіх дзеячаў, якія бясследна зніклі альбо былі выгнаныя з краіны.
З сыходам Нямцова Расія страціла аднаго з самых заўважных адвакатаў мірнага вырашэння канфліктаў, мірных пераўтварэнняў і рэформаў. Сацыяльна-палітычныя эфекты гэтага жахлівага забойства заключаюцца і ў тым, што яно можа прывесці да эскалацыі нянавісці і тэрору ў расійскім грамадстве. Як паказвае міжнародны вопыт, такі тэрор можа быць накіраваны, у першую чаргу, супраць самых прагрэсіўных сіл грамадства, што асабліва трывожна ў кантэксце нядаўняй кампаніі расейскіх уладаў па пераследу НКА, а таксама чарговых нападаў на свабоду слова.
Мы лічым, што рэакцыя заходніх краін на апошнія падзеі ў Расіі з’яўляецца празмерна мяккай, у той час як ад іх чакаюць выразных дзеянняў па стрымліванні агрэсіі. У сувязі з гэтым мы заклікаем краіны ЕС і ЗША даць цвярозую і адэкватную ацэнку гэтага забойства, беспрэцэдэнтнага ў найноўшай гісторыі Расіі, у тым ліку ў кантэксце апошніх дзеянняў расійскага палітычнага кіраўніцтва па дэстабілізацыі сістэмы сусветнай бяспекі і праяваў агрэсіі супраць Украіны.
Мы лічым неабходнымі кансалідаваныя дзеянні грамадзянскай супольнасці і ўрадаў еўрапейскіх краін па падтрымцы расійскай грамадзянскай супольнасці, сёння яго суб’екты маюць патрэбу ў абароне, а дзеянні — у салідарнасці!
Мы выказваем салідарнасць з грамадзянскай супольнасцю Расіі і заяўляем аб сваёй гатоўнасці далей рухацца разам па шляху дэмакратычных пераменаў.
Беларускія арганізацыі грамадзянскай супольнасці, удзельнікі Беларускай нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Ўсходняга партнёрства
Фота: yarnews.net