Віншавальны зварот з нагоды 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі

Актуальна

n5HpOX-e

Шаноўныя суайчыннікі,

Сардэчна віншуем усіх людзей у Беларусі і ў свеце, хто вызнае сябе шчыльна звязаным з беларускай гісторыяй, мовай, традыцыяй і культурай; мінушчынай, сучаснасцю і будучыняй нашага народа, са стагоддзем абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі: першым і найважнейшым гістарычным крокам ва ўсталяванні сучаснай беларускай дзяржаўнасці.

Мы ганарымся тым, што ў гэты дзень беларусы ў розных частках свету адзначаюць стагоддзе БНР і шчыра верым, што гэта дата з’явіцца падставай не толькі для вяртання да важных падзей нашай мінуўшыны, але таксама для асэнсавання будучыні беларускага народу і краіны як часткі еўрапейскай сям’і на аснове агульных цывілізацыйных каштоўнасцяў нацыянальнай і культурнай разнастайнасці, дэмакратыі, павагі і захавання правоў і свабод чалавека.

Мы спадзяемся, што чарговы крок да разумення і прыняцця гэтых важных для беларускага народа падзей, якія адбываліся ў вельмі складаных гістарычных абставінах, падштурхне разнастайныя дзяржаўныя, навукова-акадэмічныя, грамадскія, культурныя, камерцыйныя арганізацыі і супольнасці да сумеснага стварэння сучаснага, прывабнага і перспектыўнага вобраза Беларусі як незалежнай і паважанай еўрапейскай краіны, вяртання да пытанняў адбудовы прагрэсіўнай і эфектыўнай сістэмы адукацыі, якая грунтуецца на нацыянальных інтарэсах і каштоўнасцях, аб’ядноўвае адзіным разуменнем шматгранны беларускі народ.

На жаль, у гэтыя святочныя дні мы вельмі занепакоеныя затрыманнямі шэрагу грамадскіх лідэраў, якія адбыліся ў Беларусі напярэдадні ўрачыстасцяў з нагоды стагоддзя БНР. Заклікаем ўрад Рэспублікі Беларусі ўстрымацца ад любых дзеянняў, якія чыняць раскол у грамадстве, з павагай паставіцца да людзей, для якіх 25 сакавіка – гэта важная нагода разам з суайчыннікамі выйсці на вуліцы горада і быць разам у гэты святочны і ўрачысты дзень.

Заклікаем да адзінства! Жыве Беларусь!

Каардынацыйны камітэт Беларускай нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга партнёрства ад імя больш за 70 арганізацый-удзельнікаў

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства