Рэзалюцыя Пра ўзмацненне пагрозаў незалежнасці Беларусі

Дакументы

Прыняты на Канферэнцыі БНП 26.01.2019

 

Рэзалюцыя канферэнцыі Беларускай нацыянальнай платформы

Форуму грамадзянскай супольнасці Ўсходняга партнёрства

Пра ўзмацненне пагрозаў незалежнасці Беларусі

 У другой палове 2018 года істотна абвастрылася сітуацыя пагрозы суверэнітэту і незалежнасці Рэспублікі Беларусь. У медыйнай прасторы Беларусі і Расіі разгарнулася кампанія шырокага абмеркавання магчымасці паглынання Беларусі з боку Расійскай Федэрацыі. Гэтая кампанія суправаджаецца ўкідамі фэйкавых навінаў, безадказнымі каментарамі палітыкаў і экспертаў, нагнятаннем гістэрыі ў сацыяльных сетках. Такія падзеі адбываюцца на фоне крызісу рассійска-беларускіх стасункаў у сувязі з так званым “падатковым манеўрам” Расіі, што патэнцыйна нясе страты для эканомікі Беларусі; прызначэння новага расійскага амбасадара з сумнеўнай рэпутацыяй; непублічнага фармату абмеркаванняў і незразумелых вынікаў дзьвюх сустрэч прэзідэнтаў Беларусі і Расіі ў снежні 2018 г.; заявамі расійскіх чыноўнікаў і палітыкаў пра неабходнасць “паглыблення інтэграцыі”; заяваў прэзідэнта Беларусі і міністра замежных спраў пра неад’емнасць суверэнітэта; стварэння параллельных урадавых працоўных групаў па пытаннях інтэграцыі і беларуска-расійскім супрацоўніцтве.

У сувязі з гэтым, мы, удзельнікі Беларускай нацыянальнай платформы, заяўляем:

  • Няма і не можа быць ніякіх эканамічных, прававых і палітычных абставінаў, што могуць быть падставамі для пазбаўлення Беларусі суверэніту альбо яго неадемных частак;
  • Ніякія магчымыя формы паглыблення інтэграцыі з Расіяй, альбо іншай дзяржавай, што вядуць да абмежавання паўнаты суверэніту Беларусі у яе дзяржаўных межах, уключна з вяршэнствам беларускай дзяржавы і права у сферы рэгулявання эканамічнага, сацыяльнага, культурнага і палітычнага жыцця не з’яўляюцца прымальнымі;
  • Няма і не можа быць ніякіх эканамічных, прававых і палітычных падстаў абмежавання правоў грамадзян Беларусі, пазбаўлення альбо абмежавання грамадзянства Рэспублікі Беларусь.

Беларуская нацыянальная платформа пакідае за сабой магчымасць непрызнання любых дзеянняў дзяржаўных асоб Рэспублікі Беларусь і яе дзяржаўных органаў, што вядуць да абмежавання суверэнітэту і незалежнасці Беларусі.

Мы заклікаем грамадзянскую супольнасць Беларусі выказаць салідарнаць і падтрымку гэтай пазіцыі Беларускай нацыянальнай платформы шляхам публічнага далучэння да яе.

_______________________________________________

Беларуская нацыянальная платформа Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства заснавана ў ліпені 2010 года, аб’ядноўвае на аснове пра-еўрапейскіх каштоўнасцяў больш за 80 арганізацый і ініцыятыў розных сфер дзейнасці.

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства