Усходняе партнёрства: мэты новай палітыкі пасля 2020 года

18 сакавіка Еўрапейская Камісія і Вярхоўны прадстаўнік Еўрапейскага Саюзу па замежных справах і палітыцы бяспекі прадставілі сваю прапанову, якая тычыцца доўгатэрміновых палітычных мэтаў Усходняга партнёрства на перыяд пасля 2020 года.

18 сакавіка Еўрапейская Камісія і Вярхоўны прадстаўнік Еўрапейскага Саюзу па замежных справах і палітыцы бяспекі прадставілі сваю прапанову, якая тычыцца доўгатэрміновых палітычных мэтаў Усходняга партнёрства на перыяд пасля 2020 года. Яны накіраваныя на пашырэнне гандлю, умацаванне сувязяў і паглыбленне эканамічнай інтэграцыі з Арменіяй, Азербайджанам, Беларуссю, Грузіяй, Рэспублікай Малдова і Украінай, умацаванне дэмакратычных інстытутаў, вяршэнства закону, экалагічнай і кліматычнай устойлівасці, падтрымку лічбавай трансфармацыі і садзейнічанне стварэнню справядлівых і інклюзіўных таварыстваў.

Вярхоўны прадстаўнік / Намеснік старшыні Еўрапейскай Камісіі Джозеп Борэлл сказаў:

«Сіла нашых суседзяў — гэта сіла Еўрапейскага Саюзу. Усходняе партнёрства застаецца найважнейшым элементам вонкавай палітыкі ЕС. Нашыя прапановы, у якіх адлюстраваныя агульныя прыярытэты і выклікі, будуць спрыяць далейшаму ўмацаванню нашых шасці краінаў-партнёраў. Яны па-ранейшаму будуць у першую чаргу арыентаваныя на дасягненне адчувальных, станоўчых вынікаў для ўсіх грамадзянаў».

Сябра Еўрапейскай Камісіі па Еўрапейскай палітыцы суседства і перамоваў аб пашырэнні Олівер Вархелі сказаў:

«Мы пасылаем вельмі выразны сігнал нашым Усходнім краінам-партнёрам: мы дапаможам вам пабудаваць моцную эканоміку, забяспечыць рост і стварыць працоўныя месцы за кошт прыцягнення прамых замежных інвестыцыяў і ўмацавання сувязяў у ключавых сектарах, такіх як транспарт, энергетыка i навакольнае асяроддзе. Мы будзем цесна супрацоўнічаць для вырашэння сённяшніх праблемаў па ўсіх напрамках, уключаючы пандэмію COVID-19, якая працягваецца».

Грунтуючыся на дасягненнях першых дзесяці гадоў партнёрства, прапанова апісвае, як у святле сённяшніх выклікаў ЕС сумесна з краінамі-партнёрамі будзе вырашаць агульныя задачы і павышаць іх устойлівасць у якасці галоўнай мэты палітыкі на перыяд пасля 2020 году. Такім чынам, праца паміж ЕС і партнёрамі будзе працягнутая ў рамках новых прыярытэтаў палітыкі, накіраваных на падтрымку экалагічнай і лічбавай трансфармацыі і стварэння эканомікі, якая працуе для ўсіх, у прыватнасці, пашырае магчымасці працаўладкавання для моладзі і прасоўвае гендэрную роўнасць.

Партнёрства СТВАРАЕ:

Разам дзеля забеспячэння ўстойлівай, надзейнай і інтэграванай эканомікі

Умацаванне эканомікі, памяншэнне няроўнасці і пераўтварэнне Усходніх партнёраў у краіны, дзе людзі хочуць бачыць сваю будучыню. Пашыраючы гандаль і паглыбляючы эканамічную інтэграцыю, інвестуючы ў людзей, малы бізнес, выкарыстоўваючы адначасова магчымасці экалагічнага і лічбавага пераўтварэнняў, ЕС імкнецца забяспечыць прывабную дзелавое наваколле, якое стварае годныя, ўстойлівыя працоўныя месцы і эканамічныя магчымасці для кожнага. Мы будзем перш за ўсё надаваць увагу ключавым сектарам эканамічнага развіцця, такім як энергетыка, транспарт і навакольнае асяроддзе, каб спрыяць паскоранаму росту.

Партнёрства АБАРАНЯЕ:

Разам дзеля стварэння падсправаздачных органаў улады, забеспячэння вяршэнства закона і бяспекі

Належнае кіраванне і дэмакратычныя інстытуты, вяршэнства закона, паспяховая антыкарупцыйная палітыка, барацьба з арганізаванай злачыннасцю, павага да правоў чалавека і забеспячэнне бяспекі, у тым ліку падтрымку насельніцтва, закранутых канфліктам, — падмурак стабільных і ўстойлівых дзяржаваў і грамадстваў. Яны таксама з’яўляюцца важнымі перадумовамі для функцыянавання рынкавай эканомікі і ўстойлівага росту.

У прыватнасці, вяршэнства права з’яўляецца ключавой умовай эфектыўнага дзелавога клімату і важным фактарам прыцягнення прамых замежных інвестыцыяў. Неабходна абнавіць дамоўленасці па асновах партнёрства, лепш ацэньваць рэальныя вынікі, уплыў рэформаў і іх ўспрыманне грамадзянамі.

Партнёрства АЗЯЛЯНЯЕ:

Разам у імкненні да ўстойлівасці навакольнага асяроддзя і клімату

Экалагічныя і кліматычныя праблемы патрабуюць неадкладных дзеянняў з боку ЕС і краінаў-партнёраў. ЕС дапаможа краінам-партнёрам выканаць іх нацыянальныя абавязацельствы ў рамках Парыжскага пагаднення і мадэрнізаваць эканоміку, знізіць яе вугляродны след. ЕС таксама будзе садзейнічаць павелічэнню энергаэфектыўнасці будынкаў, развіццю аднаўляльных крыніц энергіі і мадэрнізацыі сектара аховы здароўя.

Партнёрства АБ’ЯДНОЎВАЕ:

Разам дзеля ўстойлівай лічбавай трансфармацыі

Узмоцненая лічбавая прысутнасць у краінах, суседніх з ЕС, забяспечыць рост і дасць імпульс устойліваму развіццю. ЕС будзе працягваць інвеставаць у лічбавую трансфармацыю краінаў-партнёраў у адпаведнасці з заканадаўствам ЕС і перадавой практыкай, а таксама падтрымліваць рост інавацыйных лічбавых стартапаў у рэгіёне. ЕС будзе і надалей падтрымліваць кібер-бяспеку краінаў-партнёраў.

Партнёрства СТВАРАЕ МАГЧЫМАСЦІ:

Разам дзеля ўстойлівага, справядлівага і інклюзіўнага грамадства

Свабодныя і сумленныя выбары, празрыстыя, арыентаваныя на грамадзян і падсправаздачныя органы ўлады — аснова дэмакратыі. Актыўная грамадзянская супольнасць, незалежныя сродкі масавай інфармацыі і абарона правоў грамадзянаў — неад’емныя часткі жыццяздольных, справядлівых, інклюзіўных і дэмакратычных таварыстваў. Супрацоўніцтва ў гэтых сферах застанецца важным прыярытэтам для ЕС.

Даведка

Усходняе партнёрства, запушчанае ў 2009 годзе як сумесная палітычная ініцыятыва, нацэленая на ўмацаванне і паглыбленне адносінаў паміж Еўрапейскім Саюзам, яго дзяржавамі-чальцамі і яго шасцю Усходнімі суседзямі: Арменіяй, Азербайджанам, Беларуссю, Грузіяй, Рэспублікай Малдова і Украінай. Партнёрства развівалася ў адпаведнасці з зацікаўленасцю, памкненнямі і прагрэсам кожнай краіны-партнёра. Гэта дазволіла выкарыстоўваць дыферэнцыраваны падыход, але пры гэтым гнуткім і інклюзіўным спосабам сумесна вырашаць агульныя і глабальныя праблемы і садзейнічаць рэгіянальнай інтэграцыі. Бягучыя мэты палітыкі былі вызначаныя ў межах «20 ​​вынікаў да 2020 года», узгодненых у 2017 годзе.

Мэты новай палітыкі сталі вынікам шэрагу кансультацыяў пра будучыню Усходняга партнёрства, праведзеных у 2019 годзе пры шырокім і ўсебаковым удзеле дзяржаваў-чальцоў, краінаў-партнёраў, арганізацыяў грамадзянскай супольнасці, навуковых і дзелавых колаў, а таксама фінансавых установаў. У цэлым кансультацыі паказалі, што цяперашняя структура палітыкі Усходняга партнёрства з’яўляецца надзейнай і прыносіць адчувальную карысць людзям.

Наступныя крокі

Камісія і Еўрапейская служба знешніх сувязяў чакаюць, што дзяржавы-чальцы і краіны-партнёры ўхваляць гэтую прапанову ў сувязі з правядзеннем у чэрвені 2020 года Саміту Усходняга партнёрства, падчас якога будзе даручана распрацаваць новы спіс канкрэтных вынікаў, заснаваных на цяперашніх «20 выніках да 2020 году».

Дадатковая інфармацыя

Сумесная заява: палітыка ў дачыненні да Усходняга партнёрства пасля 2020 года: Умацаванне устойлівасці — Усходняе партнёрства, якое прыносіць карысць усім

Памятка: палітыка ў дачыненні да Усходняга партнёрства пасля 2020 году

Інфармацыйны бюлетэнь: Усходняе партнёрства пасля 2020 году

Інфармацыйны бюлетэнь аб адносінах паміж ЕС і Арменіяй

Інфармацыйны бюлетэнь аб адносінах паміж ЕС і Азербайджанам

Інфармацыйны бюлетэнь аб адносінах паміж ЕС і Беларуссю

Інфармацыйны бюлетэнь аб адносінах паміж ЕС і Грузіяй

Інфармацыйны бюлетэнь аб адносінах паміж ЕС і Малдовай

Інфармацыйны бюлетэнь аб адносінах паміж ЕС і Украінай

Арыгінал тэксту і фота ўзятыя з https://www.euneighbours.eu/

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства