Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці краін Усходняга партнёрства сустрэнуцца ў Кішынёве

4-5 кастрычніка ў Кішынёве адбудзецца Генеральная Асамблея Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства пад сімвалічнай назвай «Разам за еўрапейскую будучыню».

Цягам сустрэчы плануецца абмеркаваць прыярытэты грамадзянскай супольнасці і яе ўнёсак у працэсы рэформаў у межах УП. У цэнтры ўвагі Форума можна вылучыць наступныя тэмы: роля грамадзянскай супольнасці ў кантэксце падпісання Пагадненняў аб асацыяцыі з шэрагам краінаў УП, агульная ацэнка працэсу рэформаў у краінах УП напярэдадні саміту «Усходняга партнёрства» ў Вільні.

У часе паралельных сесій дэлегаты Форума абмяркуюць шэраг прыярытэтаў у кантэксце тэматычных платформаў і панэляў, уключна з такімі флагманскімі ініцыятывамі Форума, як выбары, свабода СМІ і барацьба з карупцыяй.

Традыцыйна удзельнікаў Форума прывітае еўракамісар Штэфан Фюле. З парадкам дня можна азнаёміцца па спасылцы.

Каардынацыйны камітэт беларускай Нацыянальнай платформы ФГС УП падрыхтаваў адмысловы зварот да дэлегатаў Форума.

Асамблея аб’ядноўвае больш за 250 прадстаўнікоў арганізацый грамадзянскай супольнасці з шасці краін Усходняга партнёрства і Еўрапейскага саюза, а таксама прадстаўнікоў урадаў, еўрапейскіх устаноў і донарскіх агенцтваў. 

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства