Роля і перспектывы Ўсходняга партнёрства

РОЛЯ І ПЕРСПЕКТЫВЫ ЎСХОДНЯГА ПАРТНЁРСТВА

Пазіцыя Рабочай групы Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі напярэдадні Высокай сустрэчы Ўсходняга Партнёрства ў Рызе.

Рабочая група Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі, найбольш прадстаўнічага ў краіне грамадскага згуртавання, лічыць неабходным давесці да зацікаўленых бакоў свой погляд на стан і будучыню амбітнага праекту ўлучэння шасці постсавецкіх дзяржаваў у еўрапейскую эканамічную і каштоўнасную прастору, найперш з гледзішча інтарэсаў беларускага грамадства.

***

Агульнае становішча ў нашым рэгіёне з пачатку рэалізацыі праекту УП радыкальна змянілася.

Народ Украіны выказаўся за падпісанне асацыяцыйнага пагаднення з ЕС і мірным шляхам дамагаўся змены ўлады, якая сабатавала волю народу, а потым ужыла супраць яго сілу. Расея, кіруючыся імперскімі і антыдэмакратычнымі матывамі, ажыццяўляе мэтанакіраваную “гібрыдную” агрэсію супраць Украіны, каб не дапусціць свабоднага геапалітычнага выбару яе народу і каб знішчыць прыклад свабоднага волевыяўлення і дэмакратычнай самаарганізацыі грамадства ў рэгіёне, які яна намагаецца лічыць сваёй “сферай уплыву”.

За ваенным, палітычным, сацыяльным і моўна-культурным становішчам ва Ўкраіне пільна сочаць грамадзяне іншых дзяржаваў — партнераў ЕС ува Ўсходнім Партнёрстве. Цяпер менавіта ад хады падзеяў ва Ўкраіне шмат у чым залежыць лёс не толькі гэтай праграмы ЕС, але ўсяго Еўрапейскага Саюзу і еўрапейскай цывілізацыі.

Беларускае грамадства стала аб’ектам інфармацыйнай вайны з боку Расеі, шмат хто застрашаны блізкасцю да нашых межаў рэальнай вайны. Пагроза незалежнасці Беларусі штораз нарастае. Улады Беларусі ў гэтай сітуацыі, аднак, не робяць ніякіх захадаў для дэмакратызацыі грамадскага жыцця і разняволеньня грамадскай энэргіі, неабходнай для кансалідацыі перад небяспекай.

Наадварот. У Беларусі не змяншаецца колькасць палітычных вязняў. Дзяржава працягвае выносіць і выконваць смяротныя прысуды. Не адменены ніводзін рэпрэсіўны праўны акт, скіраваны супраць незалежных грамадзянскіх ініцыятываў. Незалежныя мас-медыя і выдавецтвы пераследуюцца аж да нематываванага закрыцця. Захоўваецца загадна-адміністрацыйная гаспадарчая мадэль, эканамічная актыўнасць насельніцтва душыцца праз заканадаўчыя абмежаванні, фактычна знішчаецца малое і сярэдняе прадпрымальніцтва.

Сітуацыю пагаршаюць новыя захады ўлады перад планаванымі прэзідэнцкімі выбарамі. Прыняты закон, які далей абмяжоўвае свабоду слова і дазваляе дыскрымінаваць незалежныя інтэрнэт-медыя. Механізм закрыцця доступу да апошніх выпрабаваны ў снежні 2014 г. З дзяржавы высылаюць праваабаронцаў, ціснуць на журналістаў за супрацу з замежнымі медыямі. Дзяржава рыхтуе сілавыя структуры не да абароны незалежнасці, а да змагання з уласным народам.

Нягледзячы на рыторыку ўлады пра нейтралітэт стасоўна расейска-ўкраінскай вайны, у Беларусі нарастае расейская вайсковая прысутнасць. Расейскія прапагандысцкія мас-медыя рэтранслююцца без абмежаванняў. А каштоўнасці, звязаныя з ідэнтычнасцю народу, — беларуская мова, культура, гістарычная памяць — па-ранейшаму не маюць дзяржаўнай інстытуцыяльнай падтрымкі і застаюцца змаргіналізаванымі.

Мы ж лічым зберажэнне і пашырэнне каштоўнаснага грунту ў грамадстве асновай яго кансалідацыі перад абліччам небяспекі. Такія ключавыя для беларускай дэмакратычнай дзяржавы каштоўнасці, як свабода і незалежнасць, у тым ліку эканамічная, беларуская мова і культура, правы чалавека, адказная і маральная пазіцыя грамадзянаў — мусяць быць грунтам і мэтай практычнай і адукацыйнай дзейнасці грамадзянскай супольнасці.

Выклікае занепакоенасць тое, што Еўрапейскі Саюз пагаджаецца на тую ці іншую медыяцыйную ролю ў расейска-ўкраінскім канфлікце цяперашняга кіраўніка Рэспублікі Беларусь, хаця апошні не вызнае дэмакратычных каштоўнасцяў і лічыць яго бесстароннім бокам няма падставаў.

***

Зыходзячы з вышэйсказанага, выказваем наступныя прапановы.

1.Цяперашні фармат Усходняга Партнёрства як праграмы пераважна этатыстычнай, скіраванай на дзяржаўныя структуры, мае быць скарэктаваны на карысць грамадстваў. Дэкаратыўнае прадстаўніцтва грамадзянскай супольнасці ў УП у цэлым павінна быць зменена рэальным механізмам абавязковага ўдзелу грамадзянскай супольнасці ў двухбаковых і шматбаковых захадах УП, забеспячэння яе інструментамі ўплыву і кантролю (у прыватнасці, антыкарупцыйнага).

2.У межах Усходняга Партнёрства павінны быць выпрацаваныя асобныя механізмы супрацы з такімі дзяржавамі, як Беларусь, дзе еўрапейскую будучыню выбірае свабоднае грамадства, але не ўлада. Г. зн. прыярытэтам у міжнародных кантактах з Беларуссю павінна карыстацца аўтэнтычная грамадзянская супольнасць. Варта прадугледжваць абавязковы эфектыўны (а не фармальны) удзел грамадзянскай супольнасці ў кантактах міжнародных структураў з уладамі Беларусі (у праектах абменаў, стажаў, выпрацоўкі стратэгіяў), у тым ліку ў ролі экспертаў, грамадскіх назіральнікаў. Пры гэтым трэба зважаць на тое, што тыповыя для дыктатураў імітацыйныя “дзяржаўна-грамадскія” арганізацыі да грамадзянскай супольнасці не маюць дачынення.

3.Стратэгічным кірункам, значэнне якога не было прадбачана пры ўкладанні першаснага фармату Ўсходняга Партнёрства, становіцца супольная інфармацыйная (і тым самым каштоўнасная) прастора ЕС і дзяржаваў-партнёраў. Лічым неабходным прадугледзець інфармацыйную супрацу як асобны кірунак УП з адпаведным матэрыяльным забеспячэннем і з уключэннем у яго прыярытэты падтрымкі беларускіх незалежных мас-медыяў, а таксама тых, што надаюць для Беларусі праграмы па-беларуску з дзяржаваў ЕС.

4.Пад эгідай УП могуць быць ажыццёўленыя хуткія захады, скіраваныя непасрэдна на грамадзянаў дзяржаваў-партнёраў: аднабаковае скасаванне візаў, пашырэнне адукацыйных праграмаў ЕС, крэдытная і іншая падтрымка малому бізнэсу, культурніцкія абмены, праграмы кантактаў паміж людзьмі і г.д.

5.Еўрапейскі Саюз дзейнічаў бы ў інтарэсах усёй Еўропы, калі б у шчыльнай каардынацыі і супольна са Злучанымі Штатамі Амерыкі аказаў усю магчымую падтрымку Ўкраіне і праявіў бы цвёрдасць у дачыненні да Расейскай Федэрацыі як агрэсара і разбуральніка еўрапейскай стабільнасці. Пры планаванні дзейнасці УП як на роўні дзяржаваў, так і з улучэннем грамадзянскай супольнасці варта аддаць перавагу шматбаковым праектам пры ўдзеле Ўкраіны. Для нейтралізацыі дэзынфармацыйнай антыўкраінскай і антыеўрапейскай кампаніі, якую ў рэгіёне вядзе Расея, варта ладзіць пад эгідай УП стажы і трэнінгі ва Ўкраіне для розных мэтавых групаў з іншых дзяржаваў-партнёраў.

6.Мы чакаем ад міжнародных структураў і свабодных дзяржаваў, якія дэкларуюць спрыянне дэмакратычнай перспектыве Беларусі, разумення, што цяперашні ўладны рэжым у цэлым нерэфармавальны і не з’яўляецца гарантам незалежнасці Беларусі. Аднак паслядоўная і салідарная пастава дэмакратычных дзяржаваў можа змушаць яго да часовага аслаблення рэпрэсіяў. Таму ўсе захады, скіраваныя як на двухбаковую, так і шматбаковую супрацу з афіцыйным Менскам, трэба абумовіць канкрэтнымі крокамі ўладаў для аднаўлення грамадзянскіх свабодаў: найперш вызваленнем і рэабілітацыяй палітычных вязняў і спыненнем ціску на грамадзянскую супольнасць і незалежныя медыя, а таксама захадамі дзеля рэальнага змяншэння залежнасці ад Расеі. Гэтымі крокамі павінна быць абумоўлена і запрашэнне першых асобаў улады на Высокую сустрэчу УП у Рызе.

Спампаваць дакумэнт цалкам.

 

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства