Што губляе Беларусь, калі не ўдзельнічае ва “Усходнім партнёрстве”?

Беларусь губляе шматлікія магчымасці, ігнаруючы праграму “Усходняе партнёрства”. Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі сустрэчы “Ці ёсць у беларусаў еўрапейская перспектыва?”.

Мерапрыемства адбылося ў Гомелі напярэдадні трэцяга саміта “Усходняга партнёрства”, які запланаваны на 28-29 лістапада. Кіраўнік Гомельскага дэмакратычнага форуму Пётр Кузняцоў зазначыў, што беларусы імкнуцца ў Еўропу.

Пётр Кузняцоў:

— Сорак адсоткаў беларусаў выступае за еўраінтэграцыю, 800 тысячаў шэнгенскіх візаў мы атрымліваем штогод. То бок народ хоча ісці ў Еўропу. І ёсць канкрэтны інструмент: “Усходняе партнёрства”. Але мы бачым, што беларусы ўвогуле не ведаюць пра гэты інструмент, як гэта працуе, што гэта можа даць.

Эксперт установы “Стратэгічная думка” Аляксей Харкевіч кажа, што прычына няведання ў тым, што на дадзены момант шараговы грамадзянін не можа ацаніць усе перспектывы ад удзелу ва “Уходнім партнёрстве”.

Аляксей Харкевіч:

— Калі б больш актыўна Гомельшчына, ды і ўся Беларусь увогуле, далучылася да працэсаў еўраінтэграцыі, то пра гэта б казалі і на вытворчасці, і на кухнях. То бок мы не бачым абмеркавання праграмы “Усходняе партнёрства” па тэлебачанні. Таму самі беларусы ўспрымаюць праграму як тое, што вельмі ўскосна датычыцца іх непасрэднага жыцця.

Сябра каардынацыйнага камітэта Нацыянальнай платформы Яраслаў Бекіш распавёў, якая карысць ад праграмы.

Яраслаў Бекіш:

— Краіна вычарпала ўсе магчымыя легальныя і нелегальныя рэсурсы для ўласнага развіцця і для падтрымання, як кажуць, “штаноў”. У нас няма грошай, якія б можна было выдаткаваць на развіццё. А такія сродкі прапаноўвае ЕЗ. Еўразвяз прапаноўвае мадэрнізацыю і палітычныю, і эканамічную. І калі вяртацца да пытання, што дасць удзел у праграме “Усходняе партнёрства” для нейкай, напрыклад, канкрэтнай бабулі, то гэта пытанне, як мінімум, яе пенсіі. А яшчэ заробкаў яе дзяцей, яе здольнасці ўдзельнічаць у жыцці сваёй супольнасці, разлічваць, што падаткі будуць выдаткаваныя на яе, а не на “латанне дзірак”.

Ігнаруючы ўдзел у праграме “Усходняе партнёрства”, беларуская дзяржава страчвае альтэрнатыўныя магчымасці. Дырэктар цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў распавёў, які можа быць негатыўны сцэнар развіцця далейшых стасунаў паміж Еўропай і Беларуссю.

Андрэй Ягораў:

— Калі мы становімся аўтсайдарам у рэгіёне, то ў перспектыве гэта дрэнная сітуацыя. Бо гэта пасля вымывае прафесійныя кадры, якія ад нас з’язджаюць, губляем лепшых людзей праз міграцыю. І ў самым негатыўным сцэнары, канешне, калі мы не спраўляемся самастойна (а зараз, падаецца, і няма магчымасці справіцца самастойна) з тымі эканамічнымі выклікамі, якія стаяць перад краінай, то мы можам патрапіць у так званую “пастку беднасці”, з якой выбірацца будзе вельмі складана.

Пётр Кузняцоў дадаў, што Беларусь знаходзіцца цяпер на парозе эканамічнага абвалу:

— ЕЗ праз, у тым ліку, праграму “Усходняе партнёрства” мог і можа яшчэ дапамагчы правесці структурную мадэрнізацыю эканомікі. Не проста ўліць нейкія грошы, каб мы іх праелі, а мадэрнізаваць і аднавіць эканоміку. Беларусь гэтым не карыстаецца. Яна марнуе час. І гэта, у рэшце рэшт, прывядзе да таго, што давядзецца ўсё будаваць з нуля.

Удзельнікі гомельскай сустрэчы абмеркавалі такія тэмы, як “Беларусь ва Усходнім партнёрстве: сёння і заўтра” і “Роля і магчымасці грамадства ва Усходнім партнёрстве”.

Праграма “Усходняе партнёрства” стартавала ў 2009 годзе. З тых часоў афіцыйны Менск практычна не ўдзельнічае ў дадзеным праекце Еўразвяза. Напрыклад, другі саміт праграмы афіцыйны Менск праігнараваў. І краіну прадстаўлялі толькі недзяржаўныя структуры і апазіцыйныя сілы.

Юлія Сівец, Радыё Рацыя, Гомель

 

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства