Аб прызнанні еўрапейскай перспектывы для краін Усходняга партнёрства

Зварот

Беларускай нацыянальнай платформы

Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства

 

“Аб прызнанні еўрапейскай перспектывы для краін Усходняга партнёрства”

15 красавіка 2015 года

Мы, удзельнікі Беларускай нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, падкрэсліваем асаблівую важнасць маючага адбыцца Саміта Усходняга партнёрства ў Рызе.

Мы адзначаем, што Рыжскі саміт Усходняга партнёрства будзе праходзіць на фоне агрэсіі (узброеных сутыкненняў, акупацыі і анексіі тэрыторый, беспрэцэдэнтнага эканамічнага ціску на краіны Усходняга партнёрства), што ажыццяўляецца Расійскай Федэрацыяй у адказ на еўрапейскі выбар украінскага, грузінскага і малдаўскага народаў.

У святле дадзеных выклікаў Рыжскі саміт павінен даць адказ на пытанне, як Аб’яднаная Еўропа бачыць будучыню астатняй часткі Еўропы.

З моманту здабыцця незалежнасці, краіны Усходняга партнёрства прайшлі доўгі і няпросты шлях. Апошнімі дасягненнямі на гэтым шляху сталі пагадненні аб асацыяцыі з ЕС, якія былі падпісаныя Грузіяй, Малдовай і Украінай. Дадзеныя пагадненні, уключаючы пагадненні аб стварэнні зоны глыбокага і ўсёабдымнага свабоднага гандлю, уяўляюць сабой план мадэрнізацыі гэтых краін па еўрапейскай мадэлі і набліжаюць іх да адзінай мэты — стаць членамі Еўрапейскага Саюза.

Мы ўсведамляем, што да названай мэты вядзе доўгі і складаны шлях, які падразумявае правядзенне маштабных рэформ ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Мы падкрэсліваем, што народы Украіны, Грузіі і Малдовы зрабілі цвёрды выбар, які зводзіцца да таго, каб іх краіны сталі членамі ЕС. Мы таксама лічым, што еўрапейскі выбар не мае іншай разумнай альтэрнатывы і для тых краін, якія сёння не падпісалі пагадненні аб асацыяцыі з ЕС — для Азербайджана, Арменіі і Беларусі.

Агрэсія Расіі ў дачыненні да Грузіі ў жніўні 2008 года і асабліва ў дачыненні да Украіны ў цяперашні час фарміруе ўяўленне пра тое, што створаныя тэрытарыяльныя праблемы і замарожаныя канфлікты робяць гэтыя краіны закладнікамі сітуацыі і закрываюць для іх еўрапейскую перспектыву. Мы лічым, што ў гэтым ёсць адна з асноўных мэт агрэсіўнай палітыкі Расіі ў дачыненні да краін Усходняга партнёрства, і ігнараванне гэтай акалічнасці толькі стымулюе працяг агрэсіі.

Расійская Федэрацыя выкарыстоўвае дадзеную сітуацыю і, разгортваючы агрэсіўную інфармацыйную кампанію, спрабуе ўнушыць насельніцтву краін Усходняга партнёрства, што нашы краіны не маюць ніякіх рэальных шанцаў на ўступленне ў Еўрапейскі Саюз, што робіць інтэграцыю з Расіяй адзіным з магчымых шляхоў развіцця.

Шэраг афіцыйных дакументаў ЕС, уключаючы сумесныя дэкларацыі самітаў Усходняга партнёрства, а таксама падпісаныя трыма краінамі Усходняга партнёрства пагадненні аб асацыяцыі з ЕС, прызнаюць гістарычныя сувязі і агульныя каштоўнасці, якія існуюць і падзяляюцца краінамі Усходняга партнёрства і краінамі-членамі ЕС. Некаторыя палажэнні гэтых пагадненняў вітаюць еўрапейскія памкненні краін Усходняга партнёрства і ўхваляюць іх еўрапейскі выбар. Рэзалюцыі Еўрапейскага парламента адкрыта прызнаюць еўрапейскую перспектыву і права нашых краін падаваць заяўкі на членства ў ЕС, у адпаведнасці з арт. 49 Дамовы аб Еўрапейскім Саюзе.

Мы, удзельнікі Беларускай нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, як і нашы калегі з Украіны, Малдовы і Грузіі, чакаем выразнага паслання ад удзельнікаў Рыжскага саміта, якое б пацвердзіла, што, нягледзячы на агрэсію Расіі супраць шэрагу краін Усходняга партнёрства, еўрапейская перспектыва гэтых краін з’яўляецца агульнапрызнанай і, як еўрапейскія дзяржавы, краіны Усходняга партнёрства не могуць быць пазбаўленыя перспектывы стаць паўнапраўнымі членамі Аб’яднанай Еўропы.

Мы заклікаем Еўрапейскі Саюз і яго краіны-членаў адкрыта прызнаць на Рыжскім саміце Усходняга партнёрства еўрапейскую перспектыву для Грузіі, Малдовы і Украіны!

 

Беларускія арганізацыі грамадзянскай супольнасці — сябры Беларускай нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства (69 арганізацый).

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства