«Улады Беларусі павінны асудзіць анэксію Крыма»

Пра гэта гаворыцца у Звароце беларускай Нацплатформы «Аб падтрымцы Рэзалюцыі ААН аб тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны».

У звароце прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці Беларусі асуджаюць афіцыйную пазіцыю Рэспублікі Беларусь на Генеральнай Асамблеі ААН 27 сакавіка 2014 г. і падтрымліваюць рэзалюцыю аб тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны.

Паводле ўдзельнікаў Беларускай нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, прагаласаваўшы супраць рэзалюцыі аб тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, афіцыйная Беларусь уступіла ў супярэчнасць з неаднаразова заяўленай ёю раней пазіцыяй падтрымкі тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны і прадэманстравала сваё грэбаванне міжнароднымі дамовамі.

— Па нашым глыбокім перакананні, у сітуацыі, калі крытычна важна пазбегнуць развязвання вайны любымі (і ў першую чаргу дыпламатычнымі) сродкамі, Беларусь павінна асудзіць акт анэксіі Крыма Расіяй, і з пазіцый вяршэнства міжнародных пагадненняў, непрымання агрэсіі адной краіны супраць іншай, выступіць у ролі стрымліваючага боку. На жаль, гэтага не адбываецца, беларускія ўлады падтрымалі пазіцыю афіцыйнай Расіі, робячы беларускі народ закладнікам імперскіх амбіцый яе кіраўніцтва, — гаворыцца ў дакуменце.

Таксама ў Звароце гаворыцца, што «змясціўшы на сваёй тэрыторыі расейскія вайсковыя фармаванні і авіяцыю, беларускае кіраўніцтва ігнаруе меркаванне грамадзян нашай краіны, падвяргаючы іх патэнцыйнай ваеннай пагрозе, даючы Расіі плацдарм для ваеннай пагрозы Украіне».

Сябры Нацплатформы заклікаюць урад Беларусі перагледзець сваю пазіцыю і зрабіць канкрэтныя дзеянні для зніжэння ваеннай напружанасці, у прыватнасці, па вывадзе расейскіх вайсковых фармаваньняў, уключаючы авіяцыйныя, з тэрыторыі Беларусі.

У звароце таксама выказваецца падтрымка ацэнкі сітуацыі і патрабаванні, прадстаўленыя Малдаўскай Нацыянальнай платформай Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства ў рамках «Грамадскай пазіцыі аб асуджэнні дзеянняў Расійскай Федэрацыі, звязаных з сілавым умяшальніцтвам, якія прывялі да фактычнай анэксіі Аўтаномнай Рэспублікі Крым — складовай часткі Ўкраіны і аб неабходных дзеяннях у дачыненні бяспекі Рэспублікі Малдова».

Спампаваць

Беларускія арганізацыі грамадзянскай супольнасці, удзельнікі Беларускай нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства (больш за 60 арганізацый)

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства