Чаму афіцыйны Менск праігнараваў саміт Партнэрства?

Як заявіў прадстаўнік беларускага МЗС «чэскія арганізатары мерапрыемства аказаліся няздольнымі забясьпечыць выкананьне асноватворных прынцыпаў, якія закладзеныя ў Праскай дэклярацыі 2009 году. У першую чаргу — раўнапраўя і недыскрымінацыі». Чым жа арганізатары саміту не дагадзілі беларускай ўладзе, чаму афіцыйны Менск адмовіўся накіроўваць прадстаўніка нават нізкага рангу?

Так выглядае, што ніякай асаблівай новай крыўды ані чэскія гаспадары саміту, ані Эўразьвяз у цэлым беларускай уладзе не нанесьлі. Нават перад першым устаноўчым самітам Усходняга партнэрства Менску далі зразумець, штоАляксандра Лукашэнку ў Празе бачыць не жадаюць, тады Беларусь пры падпісаньні дамовы прадстаўлялі першы віцэ-прэм’ерУладзімер Сямашка і тагачасны міністар замежных справаў Сяргей Мартынаў.

Не атрымаў кіраўнік Беларусі, з прычыны аднаўленьня дзейнасьці санкцыяў, запрашэньня і на саміт Партнэрства ў Варшаве ў 2011 годзе, але і там Беларусь была сымбалічна прадстаўленая паслом Беларусі ў Польшчы Віктарам Гайсёнкам, які, праўда, неўзабаве дэманстратыўна пакінуў пасяджэньне. Нарэшце, летась Беларусь на саміце Партнэрства ў Вільні прадстаўляў міністар замежных справаў Уладзімер Макей, візавыя санкцыі адносна якога прыпынілі незадоўга да саміту.Кожны раз гаспадары самітаў наўпрост ці ўскосна выключалі ўдзел у нарадзе на вышэйшым узроўні кіраўніка Беларусі, які знаходзіўся пад санкцыямі. Што не перашкаджала прадстаўнікам беларускай улады ў мерапрыемствах Партнэрства ўдзельнічаць. І што новага ў гэтым сэнсе магло здарыцца зараз? З боку Эўразьвязу — нічога. З боку Менску, ці дакладней, з пункту гледжаньня Менску — здарылася.У сувязі з крызісам вакол Украіны істотна зьмянілася міжнародная сытуацыя. Вяртаньне часоў «халоднай вайны», стрымліваньня Масквы можа азначаць, што на першы плян у міжнароднай палітыцы выходзяць пытаньні бясьпекі і незалежнасьці суседзяў Расеі. І саюзьнікі і сатэліты Масквы, якія дэманструюць хаця б нейкую, нават уяўную нязгоду з расейскай палітыкай, вартыя добразычлівага да іх стаўленьня з боку Заходу.

ЧаўшэскуМао і Ціта былі ня меншымі камуністычнымі людажэрамі, чым іх калегі ў Маскве. Захад меў зь імі справу і нават аказваў дапамогу не таму, што яны лепш, чым СССР, выконвалі правы чалавека. Часам і горш. А таму, што неяк абмяжоўвалі, заходзячы з уласных інтарэсаў, савецкія мэгаламанічныя амбіцыі.

Ну вось нешта такое і прапаноўвае афіцыйны Менск Эўропе сваім дэмаршам наконт неўдзелу ў саміце Партнэрства ў Празе. Прапаноўваў заўсёды. Але не заўсёды сытуацыя была такой, як зараз. Менск упершыню за 5 гадоў існаваньня Партнэрства практыкуе поўны і фармальны байкот яго саміту і гэта такое дыпляматычнае пасланьне — прымайце нас такімі, якімі мы ёсьць, інакш мы апынемся бліжэй да Масквы, чым вам хацелася б. А вы, Эўропа, да таго ж атрымаеце хай і абстрактную, але страту прэстыжу: Партнэрства — ўтварэньне даволі віртуальнае, але вось было ў ім 6 краін-партнэраў, а стала як бы 5. Крыўдна.

Іншы адрасат дэмаршу з адмовай удзельнічаць у саміце — Масква. У цяперашняй сытуацыі любыя кантакты сваіх саюзьнікаў і суседзяў з Захадам яна ўспрымае вельмі нэрвова, прычым незалежна ад іх зьместу. Лукашэнка ўвесь час спрабуе балянсаваць: то сустракаецца з Турчынавым, то галасуе ў ААН разам з Расеяй, то выказваецца супраць фэдэралізацыі Ўкраіны, то завярае, што ўсё ўзгадняе з Масквой, то пускае ў Беларусь расейскія самалёты, то абяцае ўласнаручна біцца з агрэсарам, адкуль бы той не прыйшоў, у тым ліку і з Усходу.

Грозная заява пра неўдзел у саміце Партнэрства — сыгнал Маскве, чарговае ваганьне ківача: бачыце, нас там наагул няма, мы з вамі, мы вам ня здраджваем нават сымбалічнай прысутнасьцю на гэтым «шабашы». І будзе той ківач вагацца і далей. На нарадзе міністраў замежных справаў Партнэрства ў Будапэшце на наступным тыдні Беларусь прадстаўленая будзе, але на ўзроўні намесьніцы міністра, а не самога кіраўніка МЗС. Той жа ківач: «так» — «не», «так, але» — «не, аднак».

Складана сказаць, ці прарэагуюць у Эўропе і Расеі на гэтае двайное «пасланьне» так, як таго хоча афіцыйны Менск. Але званок польскага прэм’ера Дональда Туска кіраўніку Беларусі і сустрэча з Лукашэнкам Аляксандра Турчынава сьведчаць пра тое, што Беларусь — хай і невялікая, але не нулявая велічыня ў геапалітычным раскладах. І менавіта ў іх прадстаўляе краіну, як ні шкада, не грамадзянская супольнасьць пры ўсёй яе важнасьці і ўплыву.

«Радыё Свабода»

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства