Улад Вялічка: Нам патрэбнае новае Усходняе партнёрства!

Сёлета праграме “Усходняе партнёрства” споўнілася 5 год. У Празе з гэтай нагоды адбыўся двухдзённы Саміт.

Вынікі ўдзелу Беларусі ў праграме Еўрапейскага звяза пракаментаваў старшыня Каардынацыйнага Камітэта беларускай Нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства Улад Вялічка.

Ці здолела Беларусь наблізіцца да еўрапейскай перспектывы за пяць год дзейнасці праграмы “Усходняе партнёрства”?

— У працэсе руху Беларусі ў праграме УП былі розныя перыяды, пад агульным “грыфам” Беларусі дзейнічалі разнастайныя актары, таму даваць агульныя адзнакі даволі цяжка. Асабліва складана з ацэнкамі вынікаў праграмы менавіта зараз, калі мы паралельна назіраем і перажываем падзеі ва Ўкраіне.

Найбольш перспектыўным перыядам для Беларусі ва Усходнім партнёрстве быў пачатковы этап гэтай ініцыятывы. Тады з вуснаў прадстаўнікоў дзяржавы было чуваць шмат словаў пра перспектыўнасць УП, яго неабходнасць і карысць для нашай краіны. Відавочна, тады даволі істотна раслі рэйтынгі пра-еўрапейскага выбару Беларусі, якія ўпершыню за нашу найноўшую гісторыю пераўзышлі  пра-расійскі вектар выбару. Менавіта ў 2009-2010 гадах грамадзянская супольнасць нашай краіны атрымала добрую магчымасць ісці да людзей са сваімі прапановамі па розных сектарных ініцыятывах еўрапеізацыі.

На жаль, падзеі вакол выбараў 2010 года амаль цалкам скасавалі ўсе гэтыя перспектывы і на 4 гады дэнансавалі гэтую адносна перспектыўную сітуацыю, якая фактычна пахіснулася ў супрацьлеглы бок. Беларусь пачала шукаць выгоды ў гандлі з Расіяй, адмовіўшыся ад свядомага развіцця заходняга вектару сваёй палітыкі. За гэтыя гады нават найбольш істотная і сімвалічная праблема – наяўнасць у нашай краіне палітычных зняволеных – не знайшла свайго вырашення. Відавочна, што дэ-факта наша еўрапейская перспектыва, у тым ліку ў межах УП, была фактычна замарожана.

На гэтым фоне сціплыя (і безумоўна правільныя і патрэбныя) прапановы МЗС Беларусі па аднаўленні дыялогу па спрашчэнні візавага рэжыму з ЕС выглядаюць настолькі лакальнымі і палітычна матываванымі, што не могуць разглядацца грамадзянскай супольнасцю як істотны і дастатковы крок у бок нармалізацыі беларуска-еўрапейскіх дачыненняў.

Незалежная частка грамадства, грамадзянская супольнасць, аб’яднаная ў Нацыянальную платформу, рабіла тое, што магла зрабіць, каб пакінуць Беларусь у працэсах УП, нават нягледзячы на драматычную адмову ад развіцця стасункаў з Еўропай з боку дзяржавы. Але, на жаль, у сёняшніх умовах роля грамадскага сектару – больш рэактыўная, чым пра-актыўная. Мы змаглі наладзіць і ўмацаваць наўпроставыя каналы камунікацыі з разнастайнымі еўрапейскімі партнёрамі, забяспечыць артыкуляцыю голасу і меркаванняў незалежнай часткі беларускага грамадства ў Еўропе. Але грамадзянская супольнасць не можа замяніць сабой дзяржаву, яна можа быць альбо саюзнікам і дарадцам, альбо апанентам. Зараз мы па-ранейшаму маем другую альтэрнатыву.

Калі ўсё ж спрабаваць ацаніць агульную эфектыўнасць руху Беларусі па пра-еўрапейскім шляху, то я б сказаў, што яго можна апісаць ленінскай фразай – “крок наперад, два крокі назад”. Беларусь паводзіла сябе ў гэтым пяцігадовым працэсе не па-партнёрску, разглядаючы еўрапейскае атачэнне як варожае і неспрыяльнае. У такіх умовах немагчыма разлічваць на сапраўдны прагрэс па еўрапейскім накірунку.

Паводле даследаванняў НІСЭПД, у знешнепалітычных перавагах беларусаў апошнія гады назіралася тэндэнцыя пацяплення адносін да Еўропы і пахаладання — да Расіі, якая з пачатку 2014 павярнула назад. Ці аказвае «Усходняе партнёрства» ўплыў на розумы беларусаў у гэтым плане?

— Усходняе партнёрства не жыве ў галовах беларусаў як нешта асобнае. Большасць нашых суайчыннікаў усё ж вызначаецца  менавіта датычна патэнцыйнага геапалітычнага выбару “Еўропа-Расія”, таму УП фактычна з’яўляецца пазнавальнай часткай у межах першай опцыі . Пры гэтым добра, што незалежнасць нашай краіны як агульная каштоўнасць ніколі не ставілася пад сумнеў.

Знешнепалітычныя сімпатыі нашых суграмадзянаў – вельмі нестабільная матэрыя, што адначасова дрэнна і добра. Дрэнна, таму што ніколі не можаш быць упэўнены ў падтрымцы сваіх поглядаў і прапановаў. Добрая, таму што з гэтымі настроямі можна дастаткова лёгка працаваць, стымуляваць асэнсаванне, крытычнае мысленне, альтэрнатыўнасць у меркаваннях дзеля свядомага выбару ў будучым. Для гэтага трэба пэўная кансалідацыя, свабода медыяў, палемічнасць тэлевізійных праграм. Усяго гэтага зараз няма альбо істотна бракуе, але з гэтым можна нешта рабіць у будучым, пры наяўнасці новых магчымасцяў, якія з’явяцца раней ці пазней. Ужо зараз у грамадстве вітае відавочны, хоць і дакладна не артыкуляваны запыт на “новую палітыку”, новае слова пра будучае нашай краіны.

Агрэсія Расіі ў дачыненні да новай Украіны — сябра «Усходняга партнёрства» — паставіла праграму перад новымі выклікамі і пагрозамі. Наколькі жыццяздольна УП у цяперашнім выглядзе? Якой, на Вашу думку, павінна ў прынцыпе быць будучыня УП з улікам новай сітуацыі краін-партнёраў і папярэдняга пяцігадовага досведу рэалізацыі ініцыятывы.

— Для мяне, як чалавека, які шмат быў уцягнуты ў працэсы УП фактычна на працягу ўсіх пяці год вельмі балюча назіраць за тым, якім чынам Расія дзейнічае ў дачыненні да нашага блізкага і падобнага шмат у чым да нас суседа. Адной з прычынаў гэтай агрэсіі з’яўляецца спроба Украіны, няхай няўпэўненая і  недасканалая, злезці з расійскай углевадароднай іголкі і абраць самастойны шлях развіцця. Зараз мы бачым, наколькі гэта вялікі выклік для ўсіх новых незалежных дзяржаваў – краін былога СССР. У гэтым сэнсе нават абвешчаныя “выдатнікі” працэсаў УП – Грузія і Малдова не знаходзяцца ў недасяжным адрыве, які б мог гарантаваць незваротнасць працэсаў еўрапеізацыі. Яшчэ паўгады таму мы ўвогуле не маглі б сабе ўявіць драматычны малюнак падзей у нашым рэгіёне, які мы назіраем сёння.

Відавочна, што праграма УП у сучасным яе фармаце не гатовая сустракацца з выклікамі падобнага кшталту і тым больш – адэкватна адказваць на іх. У той жа час патэнцыял праграмы нават у папярэднім выглядзе відавочна не вычэрпаны.

Такім чынам — нам патрэбнае новае Усходняе партнёрства! Ініцыятыва са значна больш вызначаным палітычна Еўразвязам, здольным будаваць стасункі не толькі з палітычнымі элітамі, але з грамадскасцю і прадстаўнікамі груп інтарэсаў у межах нашых краін. Нам патрэбна Усходняе партнёрства з Еўропай, якая не будзе загіпнатызаваная сваім прагматычным прынцыпам “большае за большае”, а будзе ў стане прапанаваць збліжэнне ў больш геапалітычна даляглядным фармаце, з праактыўнымі формамі ўключэння ў працэс рознаякасных стэйкхолдэраў у нашых грамадствах, без манаполіі дзяржавы на права вызначаць прымальную ступень еўрапеізацыі.

Для моцнага Усходняга партнёрства Еўразвяз сёння перш за ўсё павінен знайсці сілы і змяніць сябе, стаць мацнейшым, вырашыць унутраныя праблемы  і набыць дадатковую прывабнасць як істотны геапалітычны цэнтр прыцягнення, з якім варта лічыцца, з якім хочацца шукаць агульнае. Наперадзе доўгі шлях наперад.

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства