У Батумі прынялі рэзалюцыю ў падтрымку Алены Танкачовай

Удзельнікі VI Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, які з 20 па 21 лістапада праходзіць у Батумі, адзінагалосна падтрымалі рэзалюцыю “Аб падтрымцы праваабаронцы Алены Танкачовай”.

У прынятым дакуменце ўдзельнікі форуму выказалі прынцыповую нязгоду з нагоды анулявання віду на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь і прыняцця ўладамі Беларусі 5 лістапада 2014 году рашэння аб высылцы з краіны тэрмінам на 3 гады вядомай праваабаронцы, старшыні праўлення асветніцкай установы «Цэнтр прававой трансфармацыі» Алены Танкачовай.

Прадстаўнікі арганізацый грамадзянскай супольнасці шасці краінаў Усходняга партнёрства і Еўрасаюза ацанілі прынятае ўладамі Беларусі рашэнне як палітычна матываваную, абсалютна непрапарцыйную санкцыю ў параўнанні з небяспекай здзейсненага правапарушэння і лічаць недапушчальнымі дзеянні дзяржавы, накіраваныя на стварэнне перашкодаў праваабарончай дзейнасці арганізацый і грамадзянаў.

“Мы заклікаем інстытуты і краіны ЕС і Усходняга партнёрства, iншыя міжнародныя органы і інстытуты прадэманстраваць прынцыповасць і настойлівасць у дачыненні да дэмакратычных каштоўнасцяў, правоў і свабодаў, выказаць сваё стаўленне з нагоды прынятых прадстаўнікамі беларускай улады рашэнняў, аказаць магчымую падтрымку Алене Танкачовай і спыніць працэс высылкі праваабаронцы з Рэспублікі Беларусь.

Заклікаем ўрад Рэспублікі Беларусь спыніць практыку ціску на арганізацыі грамадзянскай супольнасці, праваабарончыя арганізацыі і праваабаронцаў.

Заклікаем арганізацыі грамадзянскай супольнасці краінаў Усходняга партнёрства выказаць публічную падтрымку Алене Танкачовай, а таксама накіраваць на адрас органаў унутраных спраў і Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь звароты з заклікам адмяніць рашэнне аб высылцы Алены Танкачовай”, — адзначана ў рэзалюцыі.

Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі» нагадвае, што фармальнай падставай для анулявання віду на жыхарства і высылкі з краіны з’яўляюцца зафіксаваныя відэакамерай факты нязначнага перавышэння хуткасці аўтамабілем, які належыць Алене Танкачовай, без прадастаўлення доказаў аб яе знаходжанні за рулём аўтамабіля.

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства