Канферэнцыя Нацплатформы Форума грамадзянскай супольнасці УП

1 чэрвеня ў Мінску адбылася канферэнцыя Нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства: “Паміж Усходнім партнёрствам і Еўрапейскім дыялогам па мадэрнізацыі”. Прадстаўнікі НДА абмеркавалі актуальныя праблемы трэцяга сектару і абралі новае кіраўніцтва Нацплатформы.

Агулам у сустрэчы ўзялі ўдзел прадстаўнікі 68 няўрадавых арганізацыяў Беларусі, а таксама прадстаўнікі дыпляматычных місіяў ды журналісты.

На парадку дня былі пытаньні абраньня арганізацыяў ад Беларусі да ўдзелу ў пятай сустрэчы ФГС УП, якая пройдзе 4-5 кастрычніка ў Кішынёве, і выпрацоўка рэкамэндацыяў для іх; абмеркаваньне бягучых праблемаў Нацплятформы, яе актуальныя задачы і магчымасьці ва Ўсходнім партнэрстве, а таксама Эўрапейскім дыялёгу па мадэрнізацыі. Таксама ўдзельнікі канфэрэнцыі абралі новага старшыню і новы склад Каардынацыйнага камітэту Нацплятформы.

Да ўдзелу ў кішынёўскім Форуме Ўсходняга партнэрства былі дэлегаваныя 26 беларускіх НДА, сярод якіх ёсьць і Асамблея НДА.

Удзельнікі канфэрэнцыі прынялі супольны выніковы дакумэнт, у якім адзначылі сярод іншага адсутнасьць паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі: “беспадстаўнае ўтрыманьне палітычных вязьняў, наяўнасьць сьмяротнага пакараньня, абмежаваньне свабоды слова, асацыяцыяў, сходаў, сталае пагаршэньне ўмоваў для вядзеньня грамадзка-палітычнай дзейнасьці”.

У рэзалюцыі вітаюцца спробы Эўрапейскага Зьвязу распачаць новы этап дыялёгу з Беларусьсю пры выкананьні беларускімі ўладамі прынцыповай і галоўнай умовы –неадкладнае вызваленьне ўсіх палітычных вязьняў і наяўнасьць заўважных зьменаў да паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека.

Таксама ўдзельнікі мерапрыемства зьвярнулі ўвагу на неабходнасьць перагледзець шэраг фармулёвак першапачатковай вэрсіі дакладу Эўрапарлямэнта па сытуацыі ў Беларусі (кіраўнік – дэпутат Юстас Палецкіс) для абгрунтаванай і дакладнай ацэнкі грамадзка-палітычнага становішча й стану правоў чалавека ў нашай краіне.

Сярод іншага беларускія НДА ў Рэзалюцыі выказалі занепакоенасьць у сувязі з мэтанакіраваным ціскам ўладаў на прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці ў Расеі і яшчэ большага абмежаваньня магчымасьцяў дзейнасьці грамадзкіх арганізацыяў і ініцыятываў у Азербайджане. Удзельнікі канфэрэнцыі заклікалі партнэраў і калегаў з краінаў Усходняга партнэрства выказаць салідарнасьць з актывістамі трэцяга сэктару Расеі і Азэрбайджана.

У новы склад Каардынацыйнага камітэту ўвайшлі: Яраслаў Бекіш (экалягічнае таварыства “Зялёная сетка”), Аляксандар Валчанін (“Саюз-Чарнобыль-Беларусь”), Пётар Кузьняцоў(“Гомельскі Дэмакратычны Форум”), Сяргей Мацкевіч (старшыня Рабочай групы Асамблеі НДА), Аксана Шэлест (Цэнтар сацыяльных інавацыяў), Адрэй Ягораў (Цэнтар эўрапейскай трансфармацыі). Новым старшынём Каардынацыйнага камітэту Нацплятформы стаў Улад Вялічка, старшыня Міжнароднага кансорцыюма “ЭўраБеларусь”.

Даведка:

Нацыянальная плятформа Форуму грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства была заснаваная ў ліпені 2010 году і стала пляцоўкай для каардынацыі дзеяньняў арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці Беларусі ў дэмакратызацыі краіны і набліжэньня да эўрапейскіх стандартаў у розных сфэрах жыцьця грамадзтва. На канфэрэнцыях у кастрычніку 2011 году ўдзельнікамі Нацыянальнай плятформы быў прыняты Мэмарандум аб супрацоўніцтве, які замацоўвае яе асноўныя прынцыпы, каштоўнасьці і мэты дзейнасьці. Мэмарандум адкрыты для падпісаньня ўсімі зацікаўленымі арганізацыямі грамадзянскай супольнасьці краіны. 

Больш фота – па спасылцы

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства