У Менску прайшла сустрэча Рабочай групы за дэмакратыю і правы чалавека

5 чэрвеня прадстаўнікі беларускай Рабочай групы №1 далі ацэнку Рыжскаму саміту і вызначыліся з прыярытэтамі напярэдадні агульнай сустрэчы групы ў Брусэлі.

Падчас мерапрыемства каардынатар Рабочай групы №1 па Беларусі Пётр Кузняцоў прэзентаваў вынікі сустрэчы Рады Рабочай групы №1, якая адбылася ў красавіку ў Ерэване. Па словах Кузняцова, там абмяроўваліся пытанні прыярытэтаў Рабочай групы №1 у цэлым, і прыярытэты краінаў на будучы год.

Для Беларусі цяпер важнымі з’яўляюцца пытанні візавага і Балонскага працэсаў, а таксама прэзідэнцкія выбары 2015 года.

Кузняцоў бачыць магчымым удзел Нацыянальнай платформы ў выбарах-2015 у фармаце маніторынгу ці падрыхтоўцы маніторынгавай місіі, а ў выпадку рэпрэсіўнага сцэнара — у падтрымцы і дапамозе актывістам.

На думку каардынатара беларускай Рабочай групы №1, ва ўдзельнікаў сустрэчы з’явілася агульнае бачанне таго, што можна рабіць у межах Нацплатформы ў часе прэзідэнцкіх выбараў. Пётр Кузняцоў лічыць, што калі сённяшнія ідэі ўхваліць Канферэнцыя Беларускай нацыянальнай платформы, то пачнецца практычная праца.

Адзначым, што падобнае пасяджэнне Рабочай групы з’яўляецца новай формай працы для Беларускай нацыянальнай платформы, бо толькі з 2015 году пачалі выбірацца нацыяльнальныя каардынатары Рабочых групаў.

Працоўная сустрэча Рабочай групы №1 — гэта другі выпадак падобных тэматычных мерапрыемстваў. Нагадаем, што напярэдадні Рыжскага саміту прайшла сустрэча Рабочай групы №4.

Пётр Кузняцоў спадзяецца, што вынікі працы ягонай, 1-й групы, і групы №4, дзе кіраўніком з’яўляецца Мікалай Кванталіані, падштурхнуць да дзейнасці арганізацыі з астатніх Рабочых групаў.

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства