Пётр Кузняцоў: Тры “трэціх сектара” ў беларускіх рэгіёнах ня хутка паразумеюцца

У пошуках шляхоў да актывізацыі і больш інтэнсіўных стасункаў з грамадскасцю, цягам некалькі апошніх канферэнцый Беларускай нацыянальнай платформы гучала тэма магчымага развіцця працы ў рэгіёнах.

Цяперашні Каардынацыйны камітэт Нацплатформы, пачынаючы сваю працу з пошуку новай ідэнтычнасці і стратэгічнага планавання, вялікую ўвагу надае атрыманню дадатковай унутранай легітімнысці. Як бачыцца, гэта магчыма, зноў-такі, праз актывізацыю супрацы і камунікацыі з самымі рознымі грамадскімі сіламі, арганізацыямі і ініцыятывамі, а таксама праз дэлегаванне імі часткі сваіх паўнамоцтваў (прынамсі, што да прадстаўніцтва на міжнароднай арэне), таксама, Нацплатформе.

Але, падаецца, воз і цяпер там: вялікага “выбуху” актыўнасці не назіраецца, а рэгіянальны грамадскі сектар, на які заўседы былі пэўныя спадзяванні, і ўвогуле, знаходзіцца ў стане заняпада.

Ці атрымае Нацплатформа тую дадатковую грамадскую легітымнасць, якую шукае, ад рэгіянальных НДА? Ці ёсць сеньня ў рэгіенах грамадскі рэсурс дзеля прасоўвання павесткі праграмы Ўсходняга Партнэрства? І, ўвогуле, як на сённяшні дзень у рэгіёнах краіны з грамадскай актыўнасцю?

На гэтыя ды іншыя пытанні карэспандэнту Нацплатформы адказвае дырэктар Установы “Цэнтр рэгіянальнага развіцця ГДФ” з Гомелю, сябра Каардынацыйнага камітэту Нацплатформы, Пётр Кузняцоў.

 

Пётр, апошнім часам на розных мерапрыемствах Нацплатформы, і ад вас асабіста, неаднойчы гучала пра неабходнасць пашыраць супрацу з рэгіянальнымі НДА, прасоўваць павестку Нацплатформы і Ўсходняга Партнэрства там. Ці можаце патлумачыць, чаму канкрэтных зрухаў на сёння зусім не назіраецца? Ці нешта перашкаджае?

— Я думаю, галоўная прычына сёння ў прыродзе Нацплатформы і ў тым, што яна, такая яе ёсць, сення ў рэгіенах асабліва не запатрабаваная. Груба кажучы: нікому не патрэбная. Пра яе амаль нічога ня ведаюць, адпаведна, нічога не чакаюць

 

Хіба пляцоўка, амаль што адзіная, якая ў стане лабіяваць інтарэсы НДА на міжнародным узроўні, на ўзроўні палітык Еўрасаюза, можа быць нікому не патрэбная?

— Тут трэба разбірацца і добра разумець, з чым мы, насамрэч, маем справу, калі гаворым пра “рэгіянальны трэці сектар”.

Асабіста я лічу, што агульны трэнд развіцця грамадзянскай актыўнасці ў рэгіёнах Беларусі, ў апошнія гады, склаўся такі, што мы маем ўжо, фактычна, тры “трэціх сектары”, дакладней, тры накірунку развіцця гэтай актыўнасці.

Ёсць НДА, якія з’явіліся ў 90-х гадах, да іх адносяцца, ў тым ліку, так званыя “рэсурсовыя цэнтры”, шэраг іншых. Яны збольшага інстытуалізаваныя, у іх ёсць сувязі з замежнымі партнёрамі, нейкія сталыя напрацоўкі, і гэта тое, што мы прызвычаіліся лічыць сапраўдным “трэцім сектарам”.

Новая з’ява апошніх гадоў, вынік развіцця лічбавых тэхналогіяў, гэта новыя, дынамічныя, так званыя “гарадскія” грамадскія інцыятывы. Яны часцей сітуатыўныя: людзі хутка, рэагуючы на нейкую канкрэтную праблему, самаарганізуюцца дзеля яе рашэння, а потым могуць вярнуцца да сваіх звычайных справаў. Яны могуць, умоўна, не “разыходзіцца”, захоўваць сувязі і, калі паўстане новы выклік, зноў па-хуткаму сабрацца, але, тым не менш, галоўная іх рыса застаецца ў тым, што яны не інстытуалізуюцца. Гэтыя людзі працуюць на сваіх працах, займаюцца сваімі справамі, але не з’яўляюцца “прафесійнымі НДА-шнікамі”. Тым не менш, сення іх неабходна ўлічваць, бо іх рэальны ўплыў на грамадства, на супольнасці мясцовыя, ужо ў разы вышэйшы, чым уплыў пераважнай большасці арганізацыяў “традыцыйнага “трэцяга сектару”.

І, таксама, мы назіраем апошнім часам вялікія высілкі ўлады, скіраваныя на тое, каб стварыць кола арганізацый, цалкам залежных ад іх, якія можна было б выдаваць за “грамадскія” і прэзентаваць як “грамадзянскую супольнасць”. Трэба адзначыць, што ў гэтым накірунку яны маюць пэўныя поспехі, і дзе-нідзе менавіта падобныя, імітацыйныя “грамадскія структуры” ўжо нават выдаюць сябе за сапраўдны, незалежны “трэці сектар”.

І, калі паглядзець на структуру грамадскай супольнасці ў рэгіёнах такім чынам, цалкам відавочна, што Беларуская нацыянальная платформа не трапляе ў фокус ніводнай з гэтых груп.

 

Здаецца, інстытуалізаваныя НДА павінны быць вельмі зацікаўленыя?

— Рэгіянальныя “традыцыйныя НДА” зараз знаходзяцца ў самым вялікім заняпадзе. Уласна, калі мы кажам пра нейкую стагнацыю “трэцяга сектару” ў рэгіёнах, мы менавіта аб іх і гаворым. Яны зараз, збольшага, займаюцца пытаннямі выжывання. З імі, з большасцю з іх, здарылася вялікая недарэчнасць: усе гэтыя гады яны імкнуліся працаваць па класічных заходніх лакалах, імкнучыся выкарыстоўваць як мага больш розных магчымасцяў адвокасі, ціску на ўладу дзеля адстойвання інтарэсаў мэтавых груп і гэтак далей. Але, ва ўмовах адсутнасці дэмакратычных інстытутаў, гэта не дало аніякага плёну. Крок за крокам згубілася сувязь з грамадствам, і, з іншага боку, сувязі з дзяржавай не наладзіліся, бо не маглі наладзіцца.
Дадайце да гэтага, што, з-за расчаравання грамадства безвыніковасцю гэтай мадэлі працы, амаль не абнаўляецца кадравы патэнцыял, там людзі працуюць на адных пасадах па 20 гадоў — зразумела, што няма ніякага развіцця. А, калі няма развіцця, а ёсць толькі выжыванне, ня можа ісці гаворка пра нейкія паслядоўныя палітыкі, сфармуляваныя інтарэсы… Ёсць сітуатыўныя патрэбы, якія трэба задавальняць сення і зараз, і так кожны дзень, але ж, Нацплатформа — гэта не тая інстытуцыя, якая можа гэтаму дапамагаць.

Калі ж казаць пра другую якасць грамадзянскай супольнасці,  тое, што я вышэй назваў “гарадскімі” грамадзянскімі ініцыятывамі, то яны маюць таксама свае вельмі спецыфічныя рысы. Гэта збольшага маладыя людзі, якія выраслі ўжо пры Лукашэнку, да таго ж, яны таксама цягам шмат гадоў назіралі неэфектыўнасць працы інстытуцыянальнага трэцяга сектару, і яны па-іншаму вымяраюць эфектыўнасць. Часцей за ўсе яны разлічваюць толькі на сябе, нічога не чакаючы ад дзяржавы і, адпаведна, ні ад каго. Калі яны лічаць, што ў горадзе ёсьць нейкая праблема, яна самаарганізуюцца, каб яе вырашыць сваімі рукамі, не прыбягаючы да адвокасі ці нечага такога, бо лічаць, што гэта, па-першае, неэфектыўна, па-другое, непатрэбна, можна ўсе зрабіць самім. У выніку, ім ніякае прадстаўніцтва нідзе ўвогуле не патрэбна.

Ну а калі казаць пра “дзяржаўны ”трэці сектар” , то тут цалкам іншая рэчаіснасць. Нацплатформа, якая незалежная, гэта, ў іхным успрыняцці, нешта чужое, добра, калі не варожае. Яны падаюць свае праекты на вялікія гранты, у выканкамах, у выпадку поспеху, гэта адзначаюць як “прыцягнутыя інвестыцыі”, і гэтым яны задаволены.

Таму, калі глядзець на працэсы аб’ектыўна, сення у рэгіенах вельмі не высокі патэнцыял дзеля пашырэння дзейнасці і грамадскай легітымнасці такой пляцоўкі, як Нацплатформа, якая бачыць сябе прадстаўнічым органам грамадзянскай супольнасці на міжнароднай арэне.

 

Так навошта, калі сітуацыя добра зразумелая, увогуле падымаць пытанне развіцця рэгіянальнага накірунку Нацплатформы, як, напрыклад, Вы самі гэта рабілі.

— Падымаць гэтае пытанне, і менавіта так і таму я гэта рабіў, можна толькі, калі глядзець на праблему шырэй, чым на задачы Нацплатформы.

Калі ўжо клапаціцца пра тое, каб інтарэсы рэгіенаў, рэгіянальных супольнасцяў, грамадзянскага сектару былі пачутыя, прынамсі, на нацыянальным узроўні  (а без гэтага немагчыма таксама і фармуляванне нацыянальнай павесткі), трэба шукаць такія крокі і метады, якія дазволяць спалучыць і высілкі, і намаганні таго, што я назваў “традыцыйным “трэцім сектарам” і так званых “гарадскіх” грамадскіх ініцыятываў. Праўладныя “грамадскія аб’яднанні” ў разлік можна не браць, бо яны самі будуць пазбягаць любога дыялогу.

Нам трэба знайсці і прапанаваць нейкія тэмы, якія дадуць глебу для супрацы і старому пакаленню грамадскіх актывістаў, і людзям новай хвалі, і, дарэчы, тэма еўрапейскага вектару развіцця рэгіенаў, цалкам адпавядаючая інтарэсам Нацплатформы, магла бы быць такім чыннікам. А, знайшоўшы такую тэму, варта прыкласці высілкі, каб яна матэрыялізавалася ў супрацы зацікаўленых бакоў, спалучыла тых, хто імкнецца да дэмакратыі і эфектыўнай працы інстытутаў і тых, каму важна сення і зараз вырашыць канкрэтную праблему. Так можа з’явіцца агульная павестка, і толькі тады можна будзе казаць пра нейкія полісі, мэты, інтарэсы рэгіянальная грамадзянскай супольнасці.

А калі пакінуць ўсе, як ёсць, то  вось гэтыя тры “трэціх сектара”, якія зараз жывуць у рэгіёнах, паразумеюцца вельмі ня хутка…

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства