Нацплатформа лічыць прэзідэнцкія выбары недэмакратычнымі

Але разлічвае на “вакно магчымасцяў”, якое ўзнікае ў сувязі з пашыраючымся дыялогам паміж Мінскам і Брусэлем.

У панядзелак, 12-га кастрычніка, у Менску прайшло пашыранае паседжанне Каардынацыйнай Рады Беларускай Нацплатформы Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга Партнёрства.

Тэмай сустрэчы былі аналіз агульнапалітычнай сітуацыі ў беларускім грамадстве пасля сканчэння палітычнай кампаніі, а таксама бліжэйшыя планы Нацплатформы ў сувязі з гэтым. Узгадненне пазіцый было патрэбна таксама таму, што ўжо 14-га кастрычніка ў Брусэлі меў адбыцца круглы стол па сітуацыі ў Беларусі дзеля экспертаў і стэйкхолдараў, і на ім мелі выступіць Нацыянальны кардынатар Форуму грамадзянскай супольнасці ад Беларусі Андрэй Ягораў і старшыня Грамадскага Балонскага камітэту Уладзімер Дунаеў.

Удзельнікі паседжання, у ходзе абмяркавання, пагадзіліся з высновамі аб тым, што мінуўшыя прэзідэнцкія выбары нельга лічыць адкрытымі і дэмакратычнымі. Як было канстатавана, фактычна ніякіх паляпшэнняў не адбылося. Вызваленне палітычных зняволеных, калі глядзець з пункту гледжання праваабаронцаў (у сустрэчы прымаў актыўны ўдзел старшыня Беларускага Хельсінкскага Камітэту Алег Гулак) – рэч натуральная, бо натуральным з’яўляецца становішча, калі іх у краіне папросту няма. І, наадварот: наяўнасць палітзняволеных – гэта анамалія для сучаснай еўрапейскай краіны.

Што ж тычыцца адсутнасці гвалту з боку праваахоўных органаў цягам кампаніі, што некаторыя назіральнікі таксама схільныя лічыць “паляпшэннем”, то галоўнай прычынай гэтай з’явы хутчэй варта лічыць адсутнасць масавай вулічнай актыўнасці, але не добрую волю ўладаў.

У якасці падмурку дзеля ацэнкі было вырашана выкарыстоўваць высновы праваабарончых арганізацый БХК і Праваабарончага цэнтру “Вясна”, сябраў Нацплатформы, якія вялі ўсебаковы маніторынг палітычнага працэсу і прыйшлі да высновы, што ніякіх паляпшэнняў, у параўнанні з мінулымі палітычнымі кампаніямі, асабліва на інстытуцыянальным ўроўні, не назіралася.

Аднак такое становішча не выклікала ані расчаравання, ані задавальнення ва ўдзельнікаў паседжання, бо як адзначыў Андрэй Ягораў, менавіта такі вынік быў даўно спрагназаваны і чакаўся. У сувязі з гэтым варта чакаць у бліжэйшы час актывізацыі стасункаў Беларусі з Еўразвязам. Як раз пад час сустрэчы прыйшла навіна пра тое, што ў Брусэлі прынята рашэнне на чатыры месяцы “замарозіць” існуючыя санкцыі да Беларусі.

Таму іншы блок пытанняў для абмяркавання быў прысвечаны таму, якім чынам выкарыстаць новы фармат узаемадзеяння Еўразвяза з Беларуссю на карысць беларускага грамадства. Досвед працы Грамадскага Балонскага камітэту, якому, пры дапамозе Нацплатформы і еўрапейскіх партнэраў, удалося папярэдзіць імітацыйныя рэформы сістэмы адукацыі і навязаць афіцыйнаму Мінску парадак рэальных пераўтварэнняў, ясна дэманструе, што перспектывы ў такога падыходу ёсць. Калі ўлада зацікаўленая ў развіцці дыялогу з Захадам, а Еўразвяз паслядоўна натойвае на тым, каб інтарэсы грамадскасці браліся ва ўлік, магчымасці дзеля прагрэсу рэформаў у пэўных сферах значна падвышаюцца. І роля Нацплатформы ў гэтых працэсах можа быць нават вырашальнай, бо менавіта Нацплатформа можа сення артыкуляваць беларускія праблемы на еўрапейскім узроўні і ўплываць на Еўрасаюз з тым, каб ён адвакатаваў тыя ці іншыя пытанні.

Менавіта таму было прынята рашэнне засяродзіцца на “тэматызмах”: вызначыць кола найбольш актуальных грамадскіх праблем, якія могуць пастаўлена на парадак дня дыялогу паміж Брусэлем і Мінскам, і паслядоўна лабіяваць іх вырашэнне.

Нацкаардынатар Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнэрства ад Беларусі, Андрэй Ягораў, лічыць, што сёння Еўрасаюз фактычна вырашае, пачынаць ці не пачынаць далейшыя практычныя крокі для супрацы з Беларуссю, а таксама пералічвае найбольш актуальныя на сенняшні дзень “тэматызмы”.

— Агульная сітуацыя ў Беларусі, нягледзячы на выбары, лічыцца нязменнай. Выбары не абазначылі паляпшэнняў у выбарчым працэсе, рэалізаціі выбарчага права грамадзянаў і г.д.

Тым не менш, за мінулы перыяд былі адпушчаныя палітычныя вязні і не было масавых парушэнняў (напрыклад, прэвэнтатыўных затрыманьняў), і мы разумеем, што гэта стала магчымым дзякуючы працы Эўрапейскага саюзу з Беларуссю. Натуральна, што цяпер Еўрасаюз вымушаны зрабіць сустрэчны крок нашай краіне, які будзе тычыцца пытання зарамарозкі санкцый на пэўны перыяд. Мы лічым, што ў руках ЕС вырашаць, ці адкрываць дзьверы для гэтых аперацый. Калі так адбудзецца, то ў дзеянне мусіць уступіць прамежкавы плян. І Беларуская нацыянальная платформа жадае адкрытасці гэтага пляна, працэса. 

Таксама БНП разглядала б кааперацыю ЕС і Беларусі, і абавязковага ўключэння ў гэту аперацыю, голаса грамадзянскай супольнасці, у тым памеры, у якім гэта магчыма ў палітычнай сферы. 

Мы б разглядалі змены ўслоўнасцяў у сфере супрацоўніцтва ЕС і Беларусі ў шэрагу абласцей, такіх як правы чалавека, з рэальнымі абмеркаваннямі і зменамі, а таксама ў шэрагу іншых абласцей, такіх, як еўрапеізацыя, палітычная сфера. Мы б хацелі абмеркаванняў Балонскага працэсу ў сфэры вышэйшай адукацыі, а таксама зялёнай эканомікі, правоў інвалідаў, у сувязі з нядаўна падпісанай канвенцыяй, і ў шэрагу іншых абласцей. 

У сваю чаргу, кіраўнік Беларускага Хельсінкскага Камітэту, Алег Гулак, выказвае думку пра тое, што вызначацца з канкрэтнымі пытаннямі і формамі удзелу Нацплатформы ў дыялогу паміж Еўразвязам і Менскам – зарана, спачатку, на ягоную думку, трэба вызначыцца з тым, што ж такое ёсць Нацплатформа сення ў сувязі з апошнімі падзеямі ў грамадска-палітычным жыцці.

— Па вялікім рахунку, мы маем новую сытуацыю, і яна значна глыбейшая, чым проста дылема “адбыліся ці не адбыліся выбары”. Мы маем сытуацыю, калі значна змяняецца пазіцыянаванне асноўных гульцоў у Беларусі, падыходаў да Беларусі. Маем сытуацыю, калі апазыцыя палітычная, як суб’ект, страціла свае пазыцыі. Калі раней апазыцыя адыгрывала ролю альтэрнатывы Лукашэнку, то цяпер яна падзялілася на тых, хто яшчэ хоча адыгрываць гэтую ролю, але ўжо ня мае ніякіх магчымасцяў, і тых, хто як бы і ня хоча ўжо быць альтэрнатывай Лукашэнку. Пытанне ў тым, як мы будзем да гэтага ставіцца, як Еўразвяз будзе да гэтага ставіцца. І да нас ўзнікае таксама пытанне, як мы да гэтага ставімся: ці тое абіраем шлях станавіцца альтэрнатывай Лукашэнку, ці тое працуем з грамадствам не ўпіраючыся ў пытанне непасрэднага стаўлення да Лукашэнкі. У гэтай новай сытуацыі гэтыя пытанні стаяць востра, як ніколі, фактычна яны рубам стаяць, і нам, перад тым, як вызначацца з нечым іншым, варта вызначыцца з адказам на тое, хто мы ёсьць, а ўжо ў залежнасці ад гэтага адказу, мы атрымаем адказы на ўсе астатнія пытанні, — рэзюмуе Алег Гулак.

Фота: sputnik.by

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства