Еўропа вяртаецца на рэйкі прагматычных стасункаў з беларускай уладай

Палітычная кампанія “Прэзідэнцкія выбары — 2015” завяршылася амаль цалкам прадказальна: змены кіраўніцтва краіны не адбылося, беларускія ўлады вытрымалі ўзяты курс на правядзенне кампаніі без гвалту, і, на фоне вызвалення палітвязняў, атрымалі чаканую “мягкую” справаздачу назіральнікаў ад АБСЕ: хаця “выбары”, па-ранейшаму, не прызнаюцца празрыстымі і дэмакратычнымі, канстатаваныя пэўныя “паляпшэнні” працэсу, а гэта як мяркуюць аналітыкі і эксперты, пакідае адкрытым вакно магчымасцяў для развіцця дыялогу “Брусэль — Менск”.

Амаль адразу гэтае меркаванне знайшло пацвярджэнне: Еўразвяз “замарозіў” санкцыі супраць кіраўніцтва краіны, роўна як і да шэрагу чыноўнікаў і сілавікоў, якія дзейнічалі доўгія гады.

Еўропа вяртаецца на рэйкі прагматычных стасункаў з беларускай уладай
Улад Вялічка

 

Генеральны дырэктар Міжнароднага кансорцыюму “Еўрабеларусь”, адзін з лідараў Нацплатформы, Улад Вялічка лічыць гэты крок цалкам чаканым і прагназаваным.

— Зняццё санкцый з беларускіх чыноўнікаў і афіліяваных з уладай бізнэсоўцаў — гэта лагічны крок Еўрапейскага саюзу ў якасці адказу на вызваленне беларускіх палітычных вязняў, распавёў сайту Нацплатформы спадар Вялічка. — Гэта не сведчыць пра павышэнне ўзроўня даверу Еўропы да беларускай улады, а хутчэй адпавядае лагічнаму жаданню еўрапейскіх чыноўнікаў будаваць нармальныя працоўныя стасункі з Беларуссю. Нагадаю, што і гэтыя санкцыі хутчэй насілі сімвалічны характар і істотна не адбіваліся на стане беларускай улады. Напружанне, звязанае з вострымі праявамі палітычных рэпрэсій знята, вядома дэмакратыя не наступіла — але для Еўропы спакойнае, няхай і недэмакратычнае развязванне сітуацыі “выбараў 2015” зьяўляецца дастатковым для вяртання на рэйкі прагматычных і больш сістэмных стасункаў з беларускай уладай. У іншым выпадку санкцыі трэба трымаць адносна паловы краінаў-суседзяў на поўдні і ўсходзе, — лічыць эксперт.

 

Еўропа вяртаецца на рэйкі прагматычных стасункаў з беларускай уладай
Пётр Кузняцоў

 

Дырэктар Установы “Цэнтар рэгіянальнага развіцця ГДФ”, сябра Каардынацыйнага Камітэта Нацплатформы, Пётр Кузняцоў, падкрэслівае: сення афіцыйнаму Мінску, як ніколі, патрэбнае супрацоўніцтва з Захадам — Еўразвязам ды ЗША, у той час, як Захаду патрэбны… не Мінск.

— У глабальным супрацьстаянні з Расіяй, краіны Захаду робяць стаўку на эканамічныя фактары. Такая форма ціску, дзеля дасягнення вынікаў, патрабуе часу, каб, умоўна кажучы, “кліент павольна, але стабільна даспяваў”. То бок, трэба каб усе было стабільна і без рэзкіх рухаў, тады, пакінуты сам-насам са сваімі праблемамі, аб’ект ціску мусіць пакрыху разумець бесперспектыўнасць свайго шляху. Гэта азначае, што, найперш, дзеля дасягнення вынікаў ў гэтым супрацьстаянні з Масквой, Захаду патрэбная стабільнасць у рэгіёне.

І, наадварот, Расія, каб неяк выскачыць з гэтага кола, мусіць шукаць пэўныя нестандартныя крокі, якія б прымушалі апанэнтаў садзіцца з её за стол, гандлявацца. Яшчэ год таму, каб прымусіць Захад весці перамовы па Ўкраіне, Расія ўвесь час прыбягала да аднаго прыёму: падштурхоўвала абвастрэнні ваеннага канфлікту на Данбасе. Зараз гэта, у сувязі з узмацненнем украінскага войска і шэрагам існуючых дамоўленасцяў, тых жа Мінскіх, ужо не можа спрацаваць эфектыўна, і гэта адна з прычын, чаму расійскія войскі з’явіліся ў Сірыі.

Таму на сенняшні дзень галоўная зацікаўленасць еўраатлантычных партнэраў у нашым рэгіене — стабільнасць, адсутнасьць нейкіх ваенных ці іншых авантур. Толькі ў гэтым кантэксце Лукашэнка цікавы Захаду.

Але ж, як мяркуе Пётр Кузняцоў, гэтай зацікаўленасці будзе дастаткова, каб беларуская ўлада атрымала ад Еўразвязу як эканамічную, так і палітычную падтрымку.

— Я хачу звярнуць увагу на адзін факт. Падчас мінулага пацяплення стасункаў паміж ЕЗ і Беларуссю, калі пачыналася праграма Ўсходняе партнёрства, давер палітыкаў з Брусэлю да Чырвонага дому быў вышэйшы: тады санкцыі “замарозілі” адразу на год, а цяпер — толькі на чатыры месяцы, што насамрэч, вельмі мала. Відавочна, ідзе гандль, і такі малы тэрмін “размарозкі” сведчыць пра тое, што галоўнае ў гэтым гандлі для абодвух бакоў – прагматызм.

Еўрапейцы зараз цудоўна разумеюць, што Лукашэнку патрэбная эканамічная дапамога і, магчыма, палітычная падтрымка, паколькі ён будзе шукаць гэтую дапамогу на Захадзе, а Расіі гэта ня можа быць да спадобы. Лукашэнка з’яўляецца апошнім хаўруснікам Масквы на еўрапейскім кантыненце, але атрымаць дапамогу ад Расіі, эканоміка якой сама знаходзіцца ў катастрафічным стане, ў яго наўрадці атрымаецца.

Таму, цалкам лагічна, у межах прагматычнага гандлю, яму нейкую падтрымку акажуць, узамен на палітычны і ваенны нейтралітэт, каб Беларусь не ўлезла ў нейкія расійскія авантуры ў рэгіёне.

Але, калі ў дачыненні Расіі, гэтая гульня — стратэгічная, то што да Лукашэнкі — выключна тактычная. Сам па сабе ён Захаду не патрэбны, хіба што часова. Бо яму нельга давяраць, і мы бачым, што яму і не давяраюць, калі прыпыняюць санкцыі ўсяго толькі на чатыры месяцы: каб дзейнічаў паступова, паслядоўна і крок за крокам. Калі так, то “замарозку” санкцыяў працягнуць, калі будзе нешта нечаканае — спыняць, разам з гэтым знікне любая верагоднасць дапамогі.

Між тым, як прагназуе Ўлад Вялічка, “крайняй” ад такой “тактычнай супрацы” можа стацца… беларуская грамадзянская супольнасць.

— Наступным крокам варта было б чакаць вяртання да больш доўгатэрмінова арыентаванага дыялогу Беларусь-ЕС у фармаце альбо так званай Прамежкавай фазы (Joint interm phase), альбо нечага падобнага да “Праграмы мадэрнізацыі”. Толькі ў адрозненні ад досведу з Еўрапейскім дыялогам для мадэрнізаціі” (2011-2014), прыярытет Еўропа зробіць на перамовах з беларускімі чыноўнікамі. Такі сцэнар — не самы горшы і вяртае Беларусь як краіну ў стан больш актыўнага ўзаемадзеяння з Еўропай.

Аднак негатыўным наступствам такога развіцця падзей будзе з’яўляцца большая маргіналізацыя грамадзянскай супольнасці, вывад яе на другія-трэція ролі ў гэтым працэсе. Кампенсаваць гэтыя рызыкі магла б толькі вельмі прынцыповая і асэнсаваная лінія паводзінаў Еўракамісіі, накіраваная на ўцягванне незалежнай часткі грамадства ў такую камунікацыю. Але шмат чаго будзе залежыць ад канкрэтных чыноўнікаў у Брусэлі і новага кіраўніка Дэлегацыі ЕС у Мінску. На жаль, апошнія 4 гады з парярэднім кіраўніком дэлегацыі Майрай Мора мы як грамадзянская супольнасць з большага гублялі ў гэтых стасунках. Ёсць спадзяванні на магчымае выпраўленне сітуацыі, але пакуль гэта проста пазітыўныя чаканні…

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства