Цэнтр міжнароднай тэхнічнай дапамогі ЕЗ з’явіцца ў Беларусі

Каардынацыйнае бюро праграмы ТАСІС Еўрапейскага Звязу ў Беларусі пераўтвараецца ў Цэнтр міжнароднай тэхнічнай дапамогі ЭЗ у Беларусі. Гэта прадугледжана пастановай Савета міністраў № 889 ад 22 кастрычніка, паведаміла прэс-служба беларускага ўрада.

Арганізацыйна-тэхнічнае забеспячэнне дзейнасці Цэнтра міжнароднай тэхнічнай дапамогі будзе ажыццяўляць Міністэрства эканомікі і Навукова-даследчы эканамічны інстытут ведамства пры садзейнічанні Міністэрства замежных спраў.

Сярод галоўных задач цэнтра — інфармаванне органаў улады, арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў аб праграмах міжнароднай тэхнічнай дапамогі ЕЗ у Беларусі, а таксама ўдзел у іх распрацоўцы і рэалізацыі, паведамляе Польскае радыё.

Дзейнасць установы будзе фінансавацца з бюджэту Навукова-даследчага эканамічнага інстытута, а таксама за кошт іншых сродкаў у адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі і сродкаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі ЕЗ.

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства