Дыялог пра мадэрнізацыю Беларусі распачынае наступны этап

9 сакавіка ў мінскім прадстаўніцтве Еўрапейскай камісіі адбылася сустрэча ўдзельнікаў працоных груп “Еўрапейскага дыялогу па мадэрнізацыі з Беларуссю”.

Якія пэрспэктывы чакаюць праграму і ці ператворыцца яна з дыскусыйнага клюбу для беларускіх экспэртаў пад эгідаю ЭЗ у сапраўдны дыялёг? Сваё меркаваньне выказаў Старэйшы аналітык Беларускага інстытута стратэгічных дасьледваньняў Дзяніс Мельянцоў.

Напярэдадні мерапрыемства Каардынацыйны камітэт Нацыянальнай плятформы Форума грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства апублікаваў пазыцыю аб пытаньні далейшага разьвіцьця Эўрапейскага дыялёгу пра мадэрнізацыю з беларускім грамадзтвам.

У часе сустрэчы ўдзельнікаў дыялёгу прадстаўнікі беларускх няўрадавых арганізацыяў і экспэрты абмеркавалі тыя дасягненьні, якія назапашаныя за год дзейнасьці праграмы. Было адзначана, што відавочнага прагрэсу ў накірунку дасягнута не было, а ў пераважнай большасьці праца працоўных групаў была скіраваная на падсумаваньне тых праектаў рэформаў у розных галінах, якія ўжо меліся ў беларускіх фабрыкаў думкі, палітычных партыяў, грамадзкіх аб’яднаньняў і асобных экспэртаў.

Выступілі каардынатары працоўных групаў па рэфрмах сацыяльна-эканамічных (Тацьцяна Зялко і Аляксандр Аўтушка-Сікорскі), палітычных (Андрэй Ягораў), прававых (Міхаіл Пастухоў) рэформах і рэформах па паляпшэньні канактаў паміж людзьмі (Уладзімер Дунаеў).

У сваім выступе палітоляг Андрэй Ягораў адзначыў, што патэнцыял дылёгу па мадэрнізацыі яшчэ не рэалізаваны на поўніцу, чаму ў тым ліку перашкаджае фактычнае байкатваньне праграмы з боку дзяржаўных органаў і іх спэцыялістаў. У зьвязку з гэтым дыялёг прасоўваецца наперад марудна і з даволі сьціплымі вынікамі (хоць некаторыя імпрэзы па асобных аспэктах дыялёгу ў Варшаве, Таліне і Бэрліне мелі вялікі рэзананс у колах адпаведных экспэртаў).  Андрэй Ягораў таксама азнаёміў прысутных з асноўнымі палажэньнямі распрацаванай пазыцыі КК Нацплятформы ФГС Усходняга партнэрства ў пытаньні далейшага разьвіцьця ЕДМ.

Гэты дакумэнт падсумоўвае працу першага году дыялёга, дае ацэнку стаўленьня дзяржаўных органаў да гэтай праграмы (у тым ліку адлюстраваную ў лістах, накіраваных нядаўна па дыпляматычных каналах з Менску ў еўрапйскія сталіцы дзеля трансфармацыі праграмы дыялёгу ў праграму партнэрства з павелічэньнем удзелу беларускай дзяржавы ў гэтым працэсе). Аўтары паперы пацьвярджаюць сваю поўную падтрымку дыялёгу, але зьвяртаюць увагу на неабходнасьць унясеньня зьменаў у яе рэалізацыю на наступным этапе. Яны вызначаюць асноўныя праблемы і перашкоды ЕДМ, у тым ліку: стратэгічная нявызначанасьць, адсутнасьць суб’екта камунікацыі ў дыялёгу з беларускага боку, слабыя ўзаемадзеяньні грамадзкіх зацікаўленых структураў, праблема рознасьці ўзроўню кампэтэнцыі суб’ектаў і адсутнасьць удзелу дзяржавы. Іх рэкамендацыі ўключаюць у сябе канкрэтныя крокі, якія павінны быць прынятыя на ўзроўні краінаў-сябраў ЭЗ, Эўрапейскай камісіі, Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў і на ўзроўні структуры кіраваньня дыялёгу ў мэтах паляпшэньня яго працэсу.

— Эўрапейскі дыялёг мадэрнізацыі ад моманту свайго запуска пакутаваў на пэўныя хібы, і зараз гэтыя хібы перашкаджаюць яму разьвівацца далей. Перш за ўсё, я маю на ўвазе адсутнасьць дакладных і зразумелых мэтаў гэтай ініцыятывы (Эўразьвяз як ініцыятар выразна не кажа, што ён хацеў бы атрымаць ад Дыялёгу), адсутнасьць замоўшчыка і спажыўца праектаў рэформаў, варожае стаўленьне беларускага ўрада да гэтай ініцыятывы, якую ён лічыць (небеспадстаўна, трэба прызнаць) праграмай падтрымкі апазыцыі і НДА. У ЭДМ на сёньня таксама адсутнічае бюджэт, што не дазваляе сур’ёзна казаць ні пра перадачу эўрапейскага досьведа трансфармацыі, ні тым больш пра падрыхтоўку грунтоўных прапановаў па мадэрнізацыі. Часткова таму лідэры беларускіх апазыцыйных партыяў і рухаў ня надта цікавяцца тым, што адбываецца ў Дыялёгу, — адзначае Дзяніс Мельянцоў.

На думку Дзяніса Мельянцова, пэрспектыва ў Дыялёгу ёсьць, бо Беларусь аб’ектыўна зацікаўленая ў атрыманьні мадэрнізацыйнага досьведу, рэкамендацыяў, тэхнічнай і фінанасвай дапамогі для рэфармаваньня.

— Акрамя ЭЗ такога досьведу шукаць амаль няма дзе. Таму патэнцыял ёсьць. Але для яго рэалізацыі патрэбныя некаторыя крокі. Да ЭДМ мусіць далучыцца беларускі ўрад. ЭЗ мусіць дакладна выказаць свае чаканьні ад гэтай ініцыятывы і што канкрэтна можа даць Беларусі. У сваю чаргу НДА і апазыцыя мусяць разумець, што ЭДМ – гэта не інструмэнт зьмены рэжыму ці ціску на ўрад, а адна з пляцовак камунікацыі пра мадэрнізацыю і рэформы, а ўрад мусіць дэманстраваць камунікабельнасьць і жаданьне прымаць рэкамэндацыі, – мяркуе палітоляг.

На яго думку, “пакуль што ЭДМ – гэта дыскусыйны клюб для беларускіх экспэртаў пад эгідай Эўрапейскага Зьвязу.

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства