Сустрэча грамадзянскай супольнасці краінаў Усходняй Еўропы адбылася ў Тбілісі (фота)

Больш за 100 лідэраў арганізацый грамадзянскай супольнасці з краін Усходняга партнёрства сустрэліся ў Тбілісі, каб прадставіць свае праекты, што фінансуюцца Еўрапейскім Саюзам, абмяняцца досьведам, а таксама паўдзельнічаць у некалькіх тэматычных семінарах і абмеркаваць праблемы грамадзянскай супольнасці ў сваіх краінах.

Мерапрыемства адбылося 5-6 верасня 2013 года ў канферэнц-зале гатэля Radisson Blu Iveria Hotel. Сустрэча была арганізавана Еўрапейскай Камісіяй у партнёрстве з грамадзянскай супольнасцю краінаў-партнёраў. У якасці суарганізатара падзеі выступіў праект “Дыялог дзеля прагрэсу” (поўная назва – “Умацаванне патэнцыялу недзяржаўных суб’ектаў па садзейнічанню рэформе і павышэнню грамадскай падсправаздачнасці”), які рэалізуецца фондам Конрада Адэнаўэра і некалькімі арганізацыямі грамадзянскай супольнасці з краінаў Усходняга партнёрства. Ад Беларусі ў дзейнасці па гэтым праекце прымаюць ўдзел Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў і Міжнароднае грамадскае аб’яднанне АКТ, якія і выступілі арганізатрамі візіту дэлегацыі беларускіх няўрадавых арганізацый на гэтую канферэнцыю.

Удзельнікі абмеркавалі лепшыя практыкі і паспяховы досьвед палітычнага дыялогу, баланс паміж супрацоўніцтвам і канкурэнцыяй ў грамадзянскай супольнасці, залежнасць арганізацыяў грамадзянскай супольнасці ад замежных донараў, працу сетак і кааліцыяў. Мерапрыемства адкрыў Стывен Сторк, намеснік начальніка аператыўнага аддзела Прадстаўніцтва ЕС у Грузіі і Сімона Раў, начальнік аддзела рэгіянальнага суседства на Ўсходзе ў Еўрапейскай Камісіі.

У канцы першага дня адбыўся Кірмаш Праектаў, у межах якога ўсе падтрыманыя Еўрапейскай Камісіяй праекты прадставілі сваю дзейнасць, мелі магчымасць знайсці новых партнёраў і выпрацаваць шляхі далейшага ўзаемадзеяння

— Гэтая канферэнцыя дала ўнікальную магчымасьць азнаёміцца з прыярытэтамі Еўрапейскай Камісіі ў фінансаванні праектаў арганізацыяў грамадзянскай супольнасці ў кожнай з краінаў Усходняга партнёрства. Надзвычай важна, што гэтая магчымасць адчынілася і для беларускіх аргнізацыяў, якія часам не знаёмыя нават з працай сваіх калегаў унутры Беларусі. Разам з тым шмат якія праблемы ёсць агульныя для ўсіх краінаў рэгіёна: хоць беларуская грамадзянская супольнасць дзейнічае у складаных ўмовах, якія хутчэй блізкія да ўмоваў Азэрбайджану, нам ёсць пра што гаварыць і з сябрамі з Грузіі, Арменіі, Малдовы, Украіны. Напрыклад, панэль, у якой прымала ўдзел Асамблея, датычная працы парасонавых структураў і кааліцыяў, дала надзвычай важкі матэрыял для роздуму пра перспектывы нацыянальных платформаў і іншых аб’яднанняў арганізацыяў грамадзянскай супольнасці, – сказаў Сяргей Мацкевіч, старшыня Рабочай групы Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў – беларускага партнэра праекта “Дыялог дзеля прагрэсу”.

Больш фота

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства