Валанцёры збіраюць подпісы за ўвядзенне крымінальнай адказнасці для скуралупаў

У межах кампаніі «НЕ жорсткасці ў адносінах да жывёлаў» распачаты збор подпісаў пад зваротам за ўзмацненне адказнасці за жорсткае абыходжанне з жывёламі. Адрасатамі звароту з’яўляюцца Генеральная пракуратура і МУС.

Падпісаць зварот можна праз старонку Zvarot.by. Важна адзначыць, што дакумент, падрыхтаваны з дапамогай сервіса Zvarot.by , аформлены такім чынам, што мае юрыдычнае значэнне, і абавязковы да разгляду, у чым яго істотнае адрозненне ад шматлікіх петыцый.

Складальнікі зварота прапаноўваюць увесці крымінальнае пакаранне за бязлітасныя здзекі над жывёламі. А таксама павялічыць эфэктыўнасць ужо існуючага артыкула КаАП 15.45, шляхам перадачы паўнамоцтваў па складанні адпаведных пратаколаў ад мясцовых адміністрацый да службовых асобаў МУС.

Нагадаем, што восенню 2013 года атрымалі шырокі розгалас выпадкі жорсткіх здзекаў і калецтваў, нанесеных сабакам і катам невядомым (ці групай) у г. Мінску. Публікацыі (у тым ліку і фотаздымкі) знявечаных жывёл, з адрэзанымі лапамі і хвастамі, знятай скурай, выкалатымі вачыма выклікалі ў многіх людзей абурэнне. На жаль, пошукі вінаватых у бессэнсоўна жорсткіх правапарушэннях пакуль не далі выніку. Нягледзячы на дзеянні праваахоўных органаў, шматлікіх дабраахвотнікаў і грамадскіх арганізацый, так і не ўдалося знайсьці таго вылюдка, які сістэматычна нявечыць жывёл.

Падчас сбора інфармацыі пра мінскага скуралупа валанцёрам паступіла дастаткова вялікая колькасць інфармацыі аб выпадках жорсткага абыходжання с жывёламі са смяротнымі зыходамі ці нанесенымі калецтвамі, якія тычацца ня толькі перыяда апошніх некалькіх месяцаў ці канкрэтнага раёна г. Мінска. Дадзеныя факты сведчаць пра тое, што здзекі над жывёламі-кампаньёнамі не такія ўжо і рэдкія, выключныя здарэнні, як хацелася б думаць.

У межах кампаніі ўжо былі накіраваныя калектыўныя звароты ад шэрагу зааабарончых арганізацыяў у Адміністрацыю прэзідэнта РБ («Прапанова аб нарматворчай дзейнасці ў накірунку ўдасканалення прававога рэгулявання ў сфэры абароны жывёлаў») і Міністэрства замежных справаў («Прапанова аб далучэнні да канвенцыяў Савета Еўропы па абароне жывёлаў»). Ідзе сбор подпісаў пад зваротам у Адміністрацыю прэзідэнта ад вядомых людзей краіны (музыкаў, пісменнікаў і г.д.), вядзецца праца над законапраектам.

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства