Сэмінар-кансультацыя па рэгістрацыі НКА

Цэнтар прававой трансфармацыі і Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў запрашаюць на сэмінар-кансультацыю “Стварэньне і рэгістрацыя некамэрцыйных арганізацыяў”, які адбудзецца 17 траўня ў Менску.

Падчас сэмінару будуць разгледжаныя  асноўныя арганізацыйна-прававыя формы некамэрцыйных арганізацыяў ды іх адрозьненьні ў прававым статусе і парадку рэгістрацыі згодна з актуальным заканадаўствам. Адмысловая ўвага будзе нададзеная тым зьменам, якія адбыліся ў парадку стварэньня грамадзкіх аб’яднаньняў праз уступленьне ў сілу ў лютым 2014 году паправак да закону “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях”.

Удзельнікам будзе прадстаўленая інфармацыя адносна парадку ды практыкі рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў, установаў і фондаў, а таксама дадзеныя індывідуальныя кансультацыі ды парады па падрыхтоўцы рэгістрацыйных  дакумэнтаў. Удзельнікі сэмінару будуць мець магчымасьць у далейшым атрымаць кансультацыі па падрыхтоўцы дакумэнтаў для дзяржаўнай рэгістрацыі некамэрцыйных арганізацыяў.

Трэнэрамі на сэмінары будуць дасьведчаныя юрысты ў галіне беларускага некамэрцыйнага права: Вольга Смалянка, дырэктар Цэнтру прававой трансфармацыі, Юрый Чавусаў, юрыстконсульт Асамблеі НДА, ды іншыя экспэрты.

Да ўдзелу запрашаюцца прадстаўнікі ініцыятыўных групаў з Менску і рэгіёнаў, якія маюць намер распачаць працу па рэгістрацыі грамадзкага аб’яднаньня альбо іншай некамэрцыйнай арганізацыі. Арганізатары сэмінару будуць радыя вітаць на мерапрыемстве ня больш за аднаго прадстаўніка ад кожнай з ініцыятыўных групаў, што маюць намер рэгістраваць некамэрцыйную арганізацыю.

Каб падаць заяўку на ўдзел у сэмінары, трэба запоўніць электронную анкету ўдзельніка

Сэмінар-кансультацыя адбудзецца 17 траўня ў Менску ў памяшканьні Цэнтру прававой трансфармацыі (вул. Нававіленская, 38-10, другі паверх, уваход праз дзьверы №16). Рэгістрацыя ўдзельнікаў – з 11:00, пачатак у 11:30.

Мапа

Апошні тэрмін падачы заявак: 12:00 па менскім часе 14 траўня 2014 году.

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства