Віншавальны ліст з нагоды святкавання Дня Еўропы

Дзень Еўропы, які традыцыйна адзначаецца 9 траўня, гэта нагода звярнуцца да падмуркаў, згадаць ідэі, якія некалі аб’ядналі і замірылі еўрапейскія краіны і народы, якія і да гэтага часу захоўваюць сваю актуальнасць. Асновы Еўрапейскага Саюза  салідарнасць, прагненне міру і эканамічная кансалідацыя, прынеслі свой плён і сталі бясспрэчнымі каштоўнасцямі сучаснай Еўропы.

Дзякуючы рашэнню Германіі і Францыі ў 1950 годзе перадаць свае паўнамоцтвы па вытворчасці вугля і сталі наднацыянальнай радзе і ўзяць на сябе абавязкі выконваць яе рашэнні, зафіксаваным у дэкларацыі Рабэра Шумана, з’явілася новая рэчаіснасць, якая стварыла трывалы палітычны і эканамічны саюз краінаў. Сёння Еўрапейскі Саюз з’яўляецца магутным правадніком міру і супрацоўніцтва ва ўсім свеце.

Ніводны гістарычны працэс не ствараецца ў адзін дзень. Мы верым, што шлях Беларусі да паўнапраўнага ўдзелу ў супольнасці еўрапейскіх краін трывалы і паступовы. Нашыя агульныя высілкі і праца па набліжэнню ў накірунку да агульных норм і каштоўнасцяў, у рэшце рэшт, прынясуць свой вынік. У гэты дзень мы яшчэ раз мусім адзначыць, што безумоўнымі каштоўнасцямі для нас з’яўляюцца дэмакратыя, правы чалавека, абарона міру і салідарнасць.

Сённяшні час выпрабоўвае гэтыя ідэі на трываласць. Абараніць іх і надаць новае гучанне прынцыпам, якія сфармавалі ЕС у сучасным свеце, даць новае дыханне супрацоўніцтву ў Еўропе, — у гэтым мы бачым нашу агульную задачу,  і мы гатовыя дзеля гэтага прыкласці намаганні разам з калегамі з краінаў Еўрапейскага Саюза і ўсяго свету.

Беларусь заўсёды была і застанецца часткай Еўропы. Нашая гісторыя і светапогляд неаддзельныя ад свету еўрапейскіх краінаў, якія з’яўляюцца лідарамі сусветнай палітыкі ў справе абароны дэмакратыі і каштоўнасцяў, якія робяць свет лепшым.

Віншуем з Днём Еўропы!
Каардынацыйны камітэт Беларускай нацыянальнай платформы ФГС УП

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства