Грамадзянская супольнасць Беларусі выступае за неабходнасць законадаўства аб супрацьдзеянні хатняму гвалту

Мы просім адпаведныя дзяржаўныя інстытуты: Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і іншыя, распачаць празрысты і інклюзіўны працэс распрацоўкі і прыняцця комплекснага закону з мэтай абараніць жанчын і мужчын, дзяцей і пажылых грамадзян, якія пакутуюць ад гвалту з боку блізкіх.

Каардынацыйны камітэт Беларускай нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці звяртае ўвагу на адсутнасць спецыялізаванага заканадаўства пра супрацьдзеянне хатняму гвалту ў Рэспубліцы Беларусь. Адмова дзяржаўных уладаў ад Канцэпцыі Закона Рэспублікі Беларусь “Аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту” прадэманстравала абмежаванне ўдзелу грамадзянскай супольнасці ў распрацоўцы механізмаў эфектыўнага папярэджання правапарушэнняў і злачынстваў, звязаных з хатнім гвалтам і недастатковую ўвагу да праблемы з боку дзяржаўных інстытутаў краіны.

Беларуская нацыянальная платформа вітае крокі па папярэджанні звязаных з хатнім гвалтам злачынстваў, але звяртае ўвагу на тое, што праблема з’яўляецца актуальнай і толькі ўсеахопныя стратэгічныя дзеянні могуць паспрыяць яе вырашэнню. Згодна са статыстыкай, каля 120 тысяч паведамленняў аб канфліктах у сям’і паступаюць у праваахоўныя органы Беларусі штогод. Імаверна, гэта не поўныя дадзеныя. Паводле Інстытута сацыялогіі НАН 48,9% жанчын, якія мелі сталага партнёра, цярпелі ад псіхалагічнага гвалту з яго боку, а 18,7% жанчын падвяргаліся фізічнаму гвалту. Пры гэтым ад хатняга гвалту церпяць не толькі жанчыны, а ўсе групы насельніцтва: дзеці, сталыя людзі, мужчыны.

Мы просім адпаведныя дзяржаўныя інстытуты (Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і іншыя) распачаць празрысты і інклюзіўны працэс распрацоўкі і прыняцця комплекснага закону з мэтай абараніць жанчын і мужчын, дзяцей і пажылых грамадзян, якія пакутуюць ад гвалту з боку блізкіх.

Наяўнасць такога закону з’яўляецца першым крокам у комплексе захадаў па вырашэнні праблемы хатняга гвалту, а таксама спрыяе дасягненню мэты ўстойлівага развіцця №5 «Забеспячэнне гендарнай роўнасці і пашырэнне правоў і магчымасцяў усіх жанчын і дзяўчын» і скразной каштоўнасці «Гендарная роўнасць» са стратгічных мэтаў Усходняга партнэрства. Таксама неабходна працаваць з насельніцтвам Беларусі праз адукацыйныя і асветніцкія сродкі. Краіны, дзе існуе і выконваецца законадаўства аб папярэджанні хатняга гвалту, дэманструюць зніжэнне колькасці адпаведных злачынстваў.

Беларуская нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства і яе арганізацыі-чальцы гатовыя да самых актыўных форм уцягвання і саўдзелу ў прапанаваных вышэй працэсах, узаемадзеянні з дзяржаўнымі інстытутамі і грамадскімі арганізацыямі.

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства