Заява Каардынацыйнага камітэту БНП ФГС УП з нагоды парламенцкай выбарчай кампаніі 2019 году ў Рэспубліцы Беларусь.

Каардынацыйны камітэт БНП ФГС УП лічыць, што працэс выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання не адпавядаў патрабаванням міжнародных стандартаў і нацыянальнаму заканадаўству.

Каардынацыйны камітэт БНП ФГС УП, у межах якой аб’яднаныя больш за 80 арганізацыяў грамадзянскай супольнасці Беларусі, грунтуючыся на:

-заяве аб папярэдніх высновах і заключэннях Місіі міжнародных назіральнікаў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека і Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе,

-аналітычнай справаздачы грамадзянскай кампаніі “Праваабаронцы за вольныя выбары”,

-прамежкавых справаздачах кампаніі назірання “Права выбару 2019”,

-маніторынгу асвятлення ў СМІ парламенцкіх выбараў, праведзеным ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, 

лічыць, што працэс выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання не адпавядаў патрабаванням міжнародных стандартаў і нацыянальнаму заканадаўству.

У прыватнасці:

-У склад выбарчых камісіяў не былі ўключаныя большасць заяўленых прадстаўнікоў апазіцыйных палітычных партый і незалежных арганізацыяў грамадзянскай супольнасці.

-Пераважна апазіцыйныя прэтэндэнты атрымалі адмовы ў рэгістрацыі кандыдатамі ці іх рэгістрацыя была скасаваная выбарчымі камісіі паводле фармальных прычынаў.

-Адсутнічалі роўныя ўмовы доступу ўсіх кандыдатаў да дзяржаўных СМІ.

-Працэдура датэрміновага галасавання засталася непразрыстай, адзначаліся факты доступу невядомых людзей у памяшканні аднаго з выбарчыў участкаў у начны час і спробы ўкіду бюлетэняў. Адзначаныя факты прымусу выбарнікаў да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні.

-Працэдура падліку галасоў засталася непразрыстай для назіральнікаў.

-Адзначаныя факты чынення перашкодаў у працы журналістам незалежных СМІ.

Сыходзячы з фактаў, якія прыведзеныя вышэй, Каардынацыйны камітэт Беларускай нацыянальнай платформы форуму грамадзянскай супольнасці:

-заяўляе аб непрызнанні выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання дэмакратычнымі, свабоднымі і адкрытымі;

-выказвае шкадаванне ў сувязі з тым, што Беларусь не скарысталася шанцам наблізіцца да міжнародных стандартаў правядзення выбараў;

-заклікае беларускія ўлады выканаць усе рэкамендацыі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе і Парламенцкай асамблеі Савету Еўропы;

-заклікае кіраўніцтва Еўрапейскага Саюзу і Еўрапейскай камісіі стала замацаваць пытанне правядзення выбараў у Беларусі ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі ў павестках двухбаковых (каардынацыйная група ЕС-Беларусь і Дыялог па правах чалавека) і шматбаковых сустрэчаў у межах Усходняга партнёрства.

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства