У турме памёр палітвязень Ігар Леднік

Сёння 20 лютага ў турме памёр палітвязень Ігар Леднік ва ўзросце 64 гадоў.

Ігар Леднік сябра Беларускай Нацыянальнай платформы і былы старшыня другой працоўнай групы БНП “Эканамічная інтэграцыя і канвергенцыя з палітыкай ЕС”.

Ігар актыўна выступаў за ліквідацыю Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі і лічыў, што Будапешцкі мемарандум быў парушаны ў Беларусі пасля разгону Вярхоўнага Савета ХІІІ склікання, што прывяло да ўстанаўлення ў Беларусі дыктатуры, збліжэння яе з Расіяй і падрыву еўрапейскай бяспекі ў
рэгіёне.

Ігара Ледніка затрымалі 18 красавіка 2022 года. Спачатку яму прысудзілі 15 содняў адміністрацыйнага арышту, але пасля іх ён на волю не выйшаў — на яго завялі крымінальную справу і прысудзілі да трох гадоў калоніі за «паклёп» на Лукашэнку пасля публікацыі ў партыйным часопісе БСДП «Пазіцыя». Ён адбываў пакаранне ў ПК-15 у Магілёве.

У Ігара Ледніка была інваліднасць 2-й групы з-за праблем з сэрцам. У чэрвені 2022 года адвакат паведаміла, што стан здароўя палітвязня пагоршыўся, Ігар знаходзіўся ў санчастцы следчага ізалятара ў ляжачым становішчы. У ліпені таго ж года стала вядома, што актывісту правялі аперацыю на страўнікава-кішачным тракце. Сёння ён памёр у шпіталі з-за спынення сэрца.

Калі пажылога актывіста адпраўлялі ў калонію, улады дакладна ведалі пра яго інваліднасць. Імя Ледніка было ўключана ў «гуманітарны спіс» людзей, якіх трэба вызваліць па стане здароўя або з-за ўзросту. У перыяд з 2021 па цяперашні час у Беларусі пры нявысветленых абставінах памерлі палітвязні: Вітольд Ашурак, Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін, Вадзім Храсько, а зараз і Ігар Леднік. Нам вядома, што сярод палітвязняў людзі з цяжкай формай захворванняў, у тым ліку анкалагічных. Ім не аказваецца своечасовая і надзейная медыцынская дапамога, не праводзяцца належныя абследаванні, зняважаюцца скаргі на стан здароўя.

На палітзняволеных аказваецца татальны ціск: іх пазбаўляюць права мець зносіны са сваякамі і адвакатамі, пазбаўляюць перадач, доступу да медыцынскіх прэпаратаў, перапіскі, змяшчаюць у карцэр і беспадстаўна падаўжаюць тэрміны турэмнага зняволення. Мы б’ем трывогу ў сувязі з неналежнымі ўмовамі ўтрымання і якасцю і своечасовасцю аказання медыцынскай дапамогі ў турмах, калоніях і следчых ізалятарах Беларусі.

Гэтая машына знявагі і смерці далжна была спынена!

Каардынацыйны камітэт, сакратарыят, шматлікія сябры БНП ФГС ВП выражаюць шчырыя спачуванні сям’і і блізкім Ігара Ледніка.

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства