Майра Мора выказалася пра дачыненні Беларусі і ЕС

Кіраўніца прадстаўніцтва ЕС у нашай краіне спадзяецца, што яны будуць паляпшацца і надалей.

Кіраўніца прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Майра Мора спадзяецца, што дачыненні нашай краіны з ЕС будуць паляпшацца і надалей. У інтэрв’ю праграме «Контуры» на тэлеканале АНТ яна адзначыла, што беларускія ўлады ідуць на кантакт з Еўрасаюзам, яны адкрытыя для размовы. Пра паляпшэнне адносінаў сведчыць і нядаўняе вызваленні шасці беларускіх палітвязняў, у тым ліку экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча.

Мора: «Гэта павінна было адбыцца, гэта адбылося. Я спадзяюся, што ў будучым такіх праблемных пытанняў [не будзе]. Вядома, ёсць яшчэ шэраг пытанняў, якія мы павінны абмяркоўваць, па якіх у нас розныя меркаванні. Але я спадзяюся, што спакойна, па-дзелавому, з узаемным даверам адзін да аднаго гэтыя пытанні паступова мы зможам вырашыць. Так, як мы вырашылі пытанні, якія перашкаджалі нашым адносінам».

Нагадаем, Майра Мора завяршае сваю місію ў Беларусі. На пасадзе кіраўніцы прадстаўніцтва ЕС яе заменіць Андрэа Віктарын.

 

Еўрарадыё

Фота — Радыё Свабода

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства